Стартавала сяўба ў ´Харчавіку-Агра´.

Аграрыі філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´ зацікаўлены правесці пасяўную кампанію ў максімальна скарочаныя тэрміны. І справа тут не ў даведзеных задачах ´зверху´, а ў спецыфіцы зямель гаспадаркі, якія з надыходам станоўчых тэмператур імкліва абязводжваюцца.

У чаканні спрыяльнага для палявых работ надвор´я ў філіяле ўсебакова падрыхтаваліся да пасяўнога сезону, прадумалі кожную дробязь арганізацыйных момантаў. Таму, калі глеба дазволіла, тут жа выйшлі ў поле.

На працягу трох дзён ад пачатку тыдня займаліся падкормкай азотнымі мінеральнымі ўгнаеннямі азімай збажыны, пасля прыняліся ўздабляць азотам пашу. Адначасова праводзілі закрыццё вільгаці і ўжо ў аўторак пасеялі першыя 10 гектараў яравога аўсу. Работу гэтую працягваюць - на ўчарашні дзень засеяны аўсом клін складаў 80 гектараў, прыступілі да сяўбы яравога ячменю.

І, вядома ж, стаўка падчас сяўбы робіцца на людзей. Тых, чыімі намаганнямі выконваюцца палявыя работы. Хто ў напружаную пару адказнай сельскагаспадарчай кампаніі гатовы недаспаць, недаадпачыць, адкласці на потым уласную недаробленую справу. Таму мы, журналісты, сваёй задачай ставім уславіць земляробаў, паказаць непрыхарошанасць будняў людзей, чыя праца мае непасрэднае дачыненне да кожнага з нас, да харчовай бяспекі дзяржавы і да эканамічнай стабільнасці краіны ў цэлым.

Стартавала сяўба ў ´Харчавіку-Агра´.

Ігар Шынкаронак.

Сярод механізатараў ´Харчавіка-Агра´, якія ў сераду займаліся падкормкай пашы паблізу в. Савічы, - Ігар Шынкаронак. На працягу трох папярэдніх дзён, як заўважае трактарыст, ён ´карміў´ азімую збажыну. ´Паша месцамі пераўвільгочана, - дзеліцца суразмоўца, - вымачкі даводзіцца аб´язджаць´.

У мясцовай гаспадарцы Ігар Аляксандравіч, жыхар аграгарадка Цялуша, працуе з маладосці. Мае немалы механізатарскі стаж. Праўда, на працягу некаторага часу быў слесарам. Сёлета, зноўку ўзяўшыся за штурвал жалезнага каня, зразумеў, як сумаваў па механізатарскай справе, дый спадзяецца на большы заробак. ´Старэйшая дачка ўжо на свой хлеб пайшла,- разважае субяседнік, - працуе ў ААТ ´Неўскі-Агра´ бухгалтарам, а вось малодшая вучыцца толькі на першым курсе сталічнага ўніверсітэта, таму грошы ў сям´і яшчэ як патрэбныя´.

Выкарыстаўшы перапынак для загрузкі раскідвальніка новай порцыяй мінералаў, заводзім размову з яшчэ адным удзельнікам палявых работ, які займаўся падкормкай пашы, маладым механізатарам Аляксандрам Ступенем.

Стартавала сяўба ў ´Харчавіку-Агра´.

Аляксандр Ступень.

У гаспадарцы Аляксандр - на працягу 8 год. Да гэтага былі вучоба на трактарыста ў Бабруйску, тэрміновая служба ў войску на Гродзеншчыне і на працягу паўгода работа будаўніком у Мінску. ´І прафесія, і жыццё ў сталіцы, адразу зразумеў, - не маё, - упэўнена канстатуе Аляксандр. - таму не вагаючыся вярнуўся ў родную вёску, стаў працаваць на трактары. І адразу ўпэўніўся - па душы!´.

З часам Аляксандр ажаніўся. Гаспадарка вылучыла маладой сям´і - жонка Наталля працуе ў калгаснай канторы бухгалтарам, сыну Максіму тры гады - жыллё з усімі дабротамі. ´Дом выдатны, але мы не стамляемся яго добраўпарадкоўваць, - гаворыць малады хлопец, - трэба ж зрабіць усё пад сябе´.

Наперадзе механізатара і ягоны Беларус-1025 чакаюць сеялка, а затым каса - сельскагаспадарчы год толькі пачынаецца. Як і ўсе, хто ў гэтыя дні на полі, малады чалавек спадзяецца на добры ўраджай і добрыя заробкі.

Зрэшты, тут жа ў філіяле працуе і бацька Аляксандра. У дзень нашага наведвання Віктар Аляксандравіч Ступень на сваім МАЗе падвозіў да трактароў мінеральныя ўгнаенні.

Алена КАРПЕНКА. Фота Іллі КАСЬКО.

иcтoчник: www.tribunapracy.by