Што пасееш, тое і пажнеш.

Раённыя сельгасарганізацыі сёлета плануюць атрымаць не меней за 47 тысяч тон зерня, 6 тысяч тон масланасення рапсу, 21 тысячу тон бульбы, болей за 23 тысячы тон цукровых буракоў ды каля 4 тысяч тон гародніны. Каб гэтага дасягнуць, вялікая стаўка робіцца на ўраджай ад яравой сяўбы, а ён залежыць у тым ліку ад насення - яго дастатковасці і якасці. А вось наколькі гэтыя крытэрыі адпавядаюць патрабаванням, мы і пацікавіліся ў начальніка раённай дзяржінспекцыі па насенневодстве, каранціну і ахове раслін Сяргея Казябы.

- Сяргей Анатольевіч, ці дастаткова ў раёне якаснага насення для правядзення сяўбы?

- На сёння раён цалкам забяспечаны насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур, а таксама бульбы. Першага маецца 2 819 тон з улікам страхавога фонду, другога - 4 530 тон. Таксама маецца 127 тон пасяўнога матэрыялу мнагалетнікаў. З падрыхтаванага насення збажыны больш за палову (54%) - не ніжэй першай рэпрадукцыі, 46% - другой. Насення зернебабовых не ніжэй другой рэпрадукцыі - 70%.

Па пасяўных якасцях усё насенне адпавядае патрабаванням.

- Эліту гаспадаркі плануюць набываць?

- Так. У мэтах паляпшэння гатунковага і рэпрадукцыйнага складу, забеспячэння планавай гатунказмены і гатункаабнаўлення насення яравых збожжавых і зернебабовых культур, гаспадаркі плануюць набыць 123 тоны элітнага насення. Зрабіць гэта трэба да 1 красавіка. З улікам эліты наяўнасць насення пад ярыну складзе 115% да патрэбы.

- А што насенне кукурузы? Яго ў раёне дастаткова, каб разлічваць на атрыманне запланаваных аб´ёмаў прадукцыі?

- Для сяўбы кукурузы на плошчы ў 6 380 гектараў патрабуецца 192 тоны пасяўнога матэрыялу. У чатырох сельгасарганізацыях маецца 22 тоны рэшткаў мінулагодняга насення. Сем гаспадарак зрабілі заяўкі на набыццё 120 тон насення айчыннай сялекцыі і 8 тон - замежнай, цэнтралізавана, з аплатай праз ´Бабушкіну крынку´. Недастаючую колькасць - а гэта 42 тоны - CВК ´Гігант´ і філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ будуць набываць самастойна, за ўласныя сродкі.

- Ці будзе сёлета магчымасць палепшыць якасць сенакосаў і пашы?

- Ва ўсялякім разе гаспадаркі на гэта нацэлены. Для забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі якасным кормам у бягучым годзе неабходна будзе нарыхтаваць корму ў колькасці 123,8 тысячы тон кармавых адзінак, што складае 51,6 ц к. адз. на адну ўмоўную галаву жывёлы. Гэта значыць, трэба будзе нарыхтаваць 8,2 тысячы тон сена, 97 тысяч тон сенажу, 103 тысячы тон сіласу і болей за 6 тысяч тон саломы.

Улічваючы тое, што плошча лугавых угоддзяў у раёне складае 20 323 гектараў, у тым ліку палепшаных - без малога 13 тысяч гектараў, плануецца падсеяць мнагалетнікаў на плошчы 3 410 га, у тым ліку без малога 3 тысячы гектараў бабовых і бабова-злакавых сумясяў траў, правесці залужванне і перазалужванне лугавых угоддзяў на плошчы каля 3,5 тысяч гектараў.

- Насенне да сяўбы павінна быць яшчэ і пратручаным?

- Так. Атрымаць добры ўраджай без выкарыстання сродкаў аховы раслін немагчыма. Усяго нашым сельгасарганізацыям неабходна пратруціць 2 300 тон насення збажыны і зернебабовых культур. На сёння пратруты маецца толькі на трэць. Невырашаным пакуль застаецца пытанне набыцця сродкаў аховы ў акцыянерных таварыствах ´Стасеўка´, ´Неўскі-Агра´ і ´Міхалёўская Ніва´.

Мінеральныя ўгнаенні

Іх пад яравую сяўбу патрабуецца 10 119 тон дзеючага рэчыва, у тым ліку 3 564 т азотных, 1 781 - фосфарных і 4 774 т - калійных. Частка мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу была ўнесена з восені. Ад веснавой патрэбы, як паведаміла начальнік Бабруйскага філіяла Магілёўскай АПВСХ Алеся Селіванава, па стане на ўчарашні дзень маецца 14% (1378 т дз. р.), у тым ліку азотных - 19%, фосфарных - 9%, калійных - 11%. Чакаемая забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі пад яравую сяўбу бягучага года складзе 43%, у тым ліку азотнымі - 85%, фосфарнымі - 32%, калійнымі - 19%.

Пры гэтым забяспечанасць мінеральнымі рэчывамі падчас унясення запланаванай колькасці арганікі ў сукупнасці з унясеннем мінеральных угнаенняў складзе 72%, у тым ліку азотнымі - 100%, фосфарнымі - 74%, калійнымі - 50%.

Арганіка

Планамерна нарыхтоўваюцца і вывозяцца на палі арганічныя ўгнаенні. Пад ярыну іх патрабуецца 310 тыс. тон, болей за 25 тыс. тон (8% ад задання) было ўнесена пад восеньскае зябліва.

Па стане на 19 сакавіка нарыхтавана болей за 293 тыс. тон (95% ад задання), вывезена без малога 279 тыс. тон альбо 90% ад нарыхтаванага, і гэтая работа працягваецца.

Тэхніка

Зразумела, што для правядзення сяўбы ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны неабходна якасна адрамантаваная сельгастэхніка. Падрыхтаваць яе неабходна было да 1 сакавіка. Між тым у шэрагу сельгаспрадпрыемстваў, па словах намесніка начальніка вытворчага аддзела райсельгасхарчу Яўгена Бярозкіна, з гэтай задачай не справіліся. У прыватнасці, агульная гатоўнасць тэхнікі Бабруйскага ААТ ´Аграмашсервіс´ на сёння складае 84%, ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ - 89%, ААТ ´Неўскі-Агра´ - 84%.

Для ўсяго комплексу палявых работ будзе задзейнічана 284 трактары, з якіх 42 - энерганасычаныя, 62 - ´Беларус-1523/1221´, 38 сеялак, 24 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгаты, 50 абаротных плугоў, 25 культыватараў, 16 адзінак АКШ, 27 дыскатараў, 34 машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў, 40 - для ўнясення арганікі, 26 апырсквальнікаў.

Механізатары

На перыяд правядзення веснавых палявых работ спатрэбіцца 335 механізатараў. На сёння ў раённых гаспадарках працуе 310 чалавек. Яшчэ 25 будуць прыцягнуты з прамысловых прадпрыемстваў у такія сельгасарганізацыі як ААТ ´Стасеўка´, ´Міхалёўская Ніва´, ´Неўскі-Агра´, ´Саўгас Кісялевічы´, філіял ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі КХП´. Па стане на ўчарашні дзень пераважная частка тых, чыя работа будзе звязана са шкоднымі ўмовамі працы, ужо прайшлі медагляд, яшчэ частка праходзіць. А вось санітарна-гігіенічнае навучанне прайшлі пакуль толькі работнікі ЗАТ ´Птушкафабрыка ´Вішнёўка´.

Харчаванне

Значным момантам у правядзенні ўсяго комплексу палявых работ з´яўляецца арганізацыя гарачага харчавання працаўнікоў. У сёлетнюю пасяўную кампанію, як паведаміў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Феднеў, плануецца дзейнасць 7 сталовых. Для забеспячэння дастаўкі гарачага харчавання ў поле будзе задзейнічана 9 перасоўных пунктаў. Для работы падчас жніва-2018 будзе прыцягнута 30 чалавек з ліку павароў і падсобных работнікаў. Усе яны ўжо вызначаны, праходзяць медыцынскія агляды і атрымоўваюць санітарныя кніжкі.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by