Вынікамі нельга задавольвацца...

- Але не таму, што яны дрэнныя, - заўважае дырэктар філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´ Міхаіл Мікалаевіч Стрыжэўскі, - а таму што дзе задаволенасць, там і заспакоенасць. А заспакойвацца нам, і ў асаблівасці, мне як кіраўніку, ні ў якім разе нельга: гэта пагражае развіццю прадпрыемства.

Між тым адно тое, што гаспадарка па выніках мінулага года палепшыла асноўныя паказчыкі эканамічнай дзейнасці - павялічыла выручку (139% да ўзроўню папярэдняга года) і прыбыткі, пацвярджае, што калектыў рухаецца наперад. Вырасла выручка на аднаго працаўніка, прыкметна павялічыўся сярэднемесячны заробак работнікаў. ´А значыць, палепшыўся дабрабыт людзей, якія тут жывуць, сем´яў, у якіх гадуюцца нашы дзеці, - гаворыць Міхаіл Стрыжэўскі, - што і з´яўляецца галоўнай мэтай дзейнасці прадпрыемства´.

Гэтым часам калектыў ´Харчавіка-Агра´ жыве новымі клопатамі і задачамі. Яны былі даведзены да работнікаў на агульным сходзе працоўнага калектыву 23 лютага, падчас якога лепшым з лепшых уручылі падзякі і прэміі - веснавыя палявыя работы і яравую сяўбу правесці якасна, у максімальна скарочаныя тэрміны. Апошняе для іх гаспадаркі, па словах Міхаіла Мікалаевіча, надзвычай важна і выклікана асаблівасцямі глебы, няздольнай затрымліваць вільгаць. Таму актыўна завяршаюцца работы па падрыхтоўцы тэхнікі, назапашваюцца мінеральныя ўгнаенні (азотнымі гаспадарка забяспечана на 55%, да канца сакавіка патрэбу ў іх плануюць закрыць цалкам), вырашаюцца пытанні з набыццём калійных угнаенняў. Маецца, па словах Міхаіла Стрыжэўскага, і галоўнае - працавітыя людзі, каманда аднадумцаў, нацэленых на дасягненне пастаўленых задач.

Неацэнную дапамогу, як адзначыў кіраўнік, аказвае філіялу галаўное прадпрыемства. Дырэктар ААТ ´Чырвоны харчавік´ Сяргей Анатольевіч Анюхоўскі ўспрымае сельгасаддзяленне, як трэці цэх прадпрыемства. Зрэшты, дзякуючы акцыянернаму таварыству, днямі ў філіяле разлічваюць папоўніць машынна-трактарны парк пагрузчыкам ´Амкадор´. Цёплыя словы адрасуе Міхаіл Стрыжэўскі саветніку старшыні Магілёўскага аблвыканкама Барысу Барысавічу Клешчукевічу, чые ўвага і слушныя рэкамендацыі садзейнічаюць паспяховым вытворчым вынікам гаспадаркі.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by