На рахунку гаспадаркі не адна працоўная перамога.

Ураджайным стаў 2017 год для філіяла ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´. На рахунку гаспадаркі па яго выніках не адна працоўная перамога. Сельгаспрадпрыемства прызнана пераможцам раённага спаборніцтва ў намінацыях ´За лепшыя вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці´, ´За эфектыўнае выкарыстанне сельскагаспадарчых угоддзяў´, ´За павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак мяса´, ´За павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак малака´. 2-га месца калектыў удастоены ´За павелічэнне вытворчасці зерня´ і ´За павелічэнне вытворчасці рапсу´.

Між тым у сваіх эмоцыях адносна шматлікіх перамог кіраўнік філіяла Уладзімір Віктаравіч Давыдзенка дастаткова стрыманы, маўляў, дык і праца за гэтым агромністая. І зроблена сапраўды шмат. Запрацавалі, не без падтрымкі галаўнога прадпрыемства, новыя і адрэканструяваныя аб´екты жывёлагадоўлі: прафілакторый для маладняку на МТФ Варатынь, хлеў для цялушак на МТФ Коўрын, радзільнае аддзяленне малочна-таварнага комплексу. Вялікая работа вялася і вядзецца ў дачыненні прымянення тэхналогій на вытворчасці, як у жывёлагадоўлі, так і раслінаводстве. Дзякуючы гэтаму, а таксама зладжанай рабоце ўсяго калектыву, выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі павялічылася на 152% да мінулага года. Вытворчасць малака вырасла на 127% (надаілі за год 5 758 т), рэалізацыя - на 130% (5 217 т), таварнасць склала 90,6%. Павялічылі на 105% малочны статак, на сёння ў ім налічваецца 1 349 рагуль. У цэлым пагалоўе буйной рагатай жывёлы - на 109%, на пачатак студзеня яно склала 3 643 галавы. За год на карову, у сярэднім па гаспадарцы, надаілі 4 330 кг, прыбавіўшы на кожную 837 кг. А на МТФ Варатынь - 5 013 кг (114% да мінулага года).

Што датычыцца жывёлагадоўлі, то тут таксама папрацавалі нядрэнна. Сярод шэрагу мерапрыемстваў, якія пасадзейнічалі станоўчаму выніку, Уладзімір Давыдзенка называе ў тым ліку сарціроўку пагалоўя на ферме в. Аўсімавічы пасля пераводу часткі жывёлы ў адрэканструяваны хлеў Коўрына. У выніку сярэднесутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы па гаспадарцы за 12 месяцаў склалі 648 г, а на МТК Данілаў Мост - 734 г.

Каб заахвоціць жывёлаводаў не толькі да павелічэння вытворчасці працы, але і да паляпшэння якасці малака, у мінулым годзе ў філіяле ўкаранілі дадатковыя стымулы - цяпер заробак аператарам машыннага даення налічваюць не за фізічную вагу прададзенага малака, а за заліковую (дадатковыя даплаты складаюць да 30%). Адпаведныя ўмовы стымулявання распрацаваны і для іншых катэгорый работнікаў. Лепшых працаўнікоў імкнуцца аддзячыць і падчас Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, і падчас справаздачнага сходу па выніках года.

Не падвяло, па словах кіраўніка філіяла, і раслінаводства. Вытворчасць зерня ў 2017 годзе за кошт павелічэння пасяўных плошчаў і ўраджайнасці (33,1 ц/га, 102% да папярэдняга года) склала 4 000 т. Значна парадаваў рапс, ураджайнасць якога вырасла болей чым у 5 разоў і склала 29,4 ц/га - намалацілі 456 т масланасення.

Гаворачы пра задачы на сёлетні год, Уладзімір Давыдзенка адзначае, што яны не новыя - нарошчванне аб´ёмаў сельскагаспадарчай прадукцыі, павелічэнне эфектыўнасці працы, заробнай платы работнікаў, і патэнцыял для гэтага маецца. Працягнецца будаўніцтва. І хоць планы не такія амбіцыйныя, як у мінулым годзе, але папрацаваць прыдзецца. Пасля зімы, як заўважае кіраўнік, у гаспадарцы возьмуцца за выгульныя пляцоўкі да радзільнага аддзялення. У сувязі з закрыццём свінафермы яе хлявы будуць рэканструяваны пад утрыманне буйной рагатай жывёлы. На Варатынскай ферме плануюць зрабіць выгульныя пляцоўкі для нецеляў. Тут жа на Варатыні для фермы і комплекса, пагалоўе якіх складае амаль трэць ад агульнага, збіраюцца пабудаваць сянажныя траншэі. З больш дробнага, але не меней патрэбнага - падсыпка пад´язных шляхоў да ферм.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by