Сельскагаспадарчай галіне пашанцавала.

Наўрад ці хто стане аспрэчваць ролю кіраўніка ў стане спраў прадпрыемства. Гэта тым болей датычыцца сельскагаспадарчай галіны, дзе, каб быць з хлебам у прамым і пераносным сэнсе, яго лідару мала да гэтага імкнуцца, трэба мець прыроджаныя задаткі - гаспадара, арганізатара, прадпрымальніка, умець прадбачыць сітуацыю, ацэньваць яе, своечасова рэагаваць на змены. І - любіць справу, якой займаешся, не стамляцца навучацца ёй: пераймаць перадавы вопыт, аналізаваць уласны, спазнаваць і ўкараняць навуковыя распрацоўкі і дасягненні.

Усе гэтыя якасці, як заўважаюць работнікі СВК ´Гігант´, гарманічна спалучыліся ў асобе іх старшыні Міхаіла Пятровіча Левакова, пад чыім няўхісным кіраўніцтвам гаспадарка ў няпростых умовах сучаснасці трывала развіваецца, будуе эканоміку так, каб людзі, якія ў ёй працуюць, мелі магчымасць жыць планамі на перспектыву.

Чаму звязаў жыццё менавіта з аграрнай галіной - школьны атэстат амаль выдатніка даваў і другія магчымасці? На гэтае пытанне кіраўнік ´Гіганта´ адказвае з развагай: ´Я быў вясковы хлопец, дзяцінства якога абыйшлі даброты цывілізацыі. Наш вольны час займалі футбол, валейбол, хакей... Хіба мог я думаць пра тую ж банкаўскую справу? А сельская гаспадарка - тое, сярод чаго рос, з чым сутыкаўся, што разумеў. Дый прафесія інжынера падабалася´.

Вучоба ў Горацкай сельгасакадэміі, а затым і першае працоўнае месца ў калгасе імя Дзяржынскага, дзе размеркаванаму на Бабруйшчыну маладому спецыялісту прапанавалі пасаду інжынера па сельгасмашынах, пазней - загадчыка рамонтнай майстэрні, а ў хуткім часе і галоўнага інжынера, пацвердзілі, што прафесійны накірунак абраў правільны. А ўжо праз няпоўныя чатыры гады ад пачатку працоўнага стажу 27-гадоваму на той час Левакову прапанавалі ўзначаліць адну з найбуйнейшых у раёне гаспадарак - калгас ´Гігант´.

Ці было страшна? На гэтае запытанне кіраўнік ´Гіганта´ адказвае, як заўжды, не зусім прамалінейна: ´Ідучы на фронт, толькі дурань мог сказаць, што не баіцца... Але быў малады, маладосць многае спрашчае. І ўжо тады разумеў, што адказнасць на мне надзвычай вялікая, таму прыслухоўваўся, прыглядваўся, вучыўся´.

У калектыве маладога кіраўніка асобныя ўспрынялі, як цяпер згадвае Міхаіл Пятровіч, можа, і з насцярогаю, аднак хутка зразумелі - ´кадравай рэвалюцыі´ не будзе. І тады, і цяпер ён прытрымліваецца прынцыпу - працаваць так, каб паверыў нават той, хто сумняваецца. Людзі ў Бортніках, па словах Міхаіла Левакова, працавітыя. Спецыялісты, з якімі прыйшоў тады працаваць, былі сапраўднымі прафесіяналамі.

Азіраючыся назад, старшыня з удзячнасцю гаворыць пра калектыў, які даверыўся яму і тады, у 1985-м, і пазней - пасля ягонай працы на працягу трох год на пасадзе старшыні райвыканкама, адкуль, зразумеўшы, што не яго, падаў у адстаўку. Калектыў - гэта тое, чым ганарыўся і ганарыцца. І праяўляе клопат. Падчас нашай размовы Міхаілу Пятровічу прыйшлося вырашаць неадкладныя вытворчыя пытанні, сярод якіх адпраўка галоўнага спецыяліста ў сталічную камандзіроўку. Выклікаўшы таго ў кабінет, ён не толькі ўручыў адпаведныя паперы, але і пацікавіўся арганізацыйнымі дэталямі паездкі, даў слушныя парады. Для мяне заўважыў: ´Кіраўнік адпраўляе - на ім і арганізацыя. Нельга каб у чалавека ў сувязі з гэтым былі нейкія хваляванні і тым болей не трэба ставіць работніка ў няёмкую сітуацыю - прасіць у кіраўніка´.

Не стамляючыся навучацца, Міхаіл Левакоў упэўнены - у авалодванні прафесійнымі ведамі не трэба саромецца звяртацца за парадай да іншых. Сорамна павінна быць тады, калі не ведаў, не запытаўся, нарабіў - і прынёс шкоду прадпрыемству і калектыву.

З маладосці прытрымліваючыся прынцыпу працаваць ´на максімум´, ён з павагай адносіцца да людзей, хто ў сваёй прафесійнай дзейнасці - незалежна ад роду заняткаў - дасягае майстэрства. І цяпер з удзячнасцю згадвае настаўнікаў матэматыкі і фізікі Дрыбінскай школы, дзе вучыўся ў старэйшых класах, якія не прымусам падштурхоўвалі дзяцей да вучобы, а шырынёй і глыбінёй ведаў, цікавым выкладваннем прадмета, зразумелай падачай матэрыялу.

Закладзеная настаўнікамі любоў да лічбаў у спалучэнні з прыроджанымі задаткамі матэматыка як нельга лепей прыйшліся ў прафесійнай дзейнасці кіраўніка ´Гіганта´. Перш чым узяцца за які б ні было праект - асабіста ўпэўніцца ў яго эканамічным абгрунтаванні. І абавязкова глядзіць на перспектыву.

Апошняе якраз-такі і не дае Левакову заспакоіцца на дасягнутым. Працуючы з прыбыткамі, калектыў пад яго началам не перастае шукаць новыя шляхі да нарошчвання аб´ёмаў прадукцыі, павелічэння вытворчасці і эфектыўнасці працы. Зрабіўшы стаўку на экспарт, гаспадарка ўпэўнена трымае курс на мадэрнізацыю і мнагавектарнасць вытворчасці. За апошнія гады тут цалкам абнавілі машынна-трактарны парк, рэалізавалі не адзін інвестыцыйны праект. Гэта і малочна-таварны комплекс амаль на 800 галоў кароў. І адно з найбуйнейшых у краіне бульбасховішчаў, дзякуючы якому стала магчымым рэалізаваць прадукцыю па выгаднай цане. Два заводы па ачыстцы і дапрацоўцы насення зерневых і зернебабовых культур, паслугамі якіх карыстаюцца не толькі раённыя сельгасарганізацыі. І ўжо зусім амбіцыйны - завод па вытворчасці камбікармоў з уласнага зерня, магутнасцю 10 тон прадукцыі ў гадзіну і ўведзены ў строй у канцы 2017 года маслацэх (перапрацоўка рапсу - 10 тон прадукцыі ў суткі). Абыйшоўся ён ´Гіганту´ амаль у 3 млн. еўра! Для патрэб завода і ў мэтах паляпшэння ўрадлівасці глебы - апошняму надаецца самая сур´ёзная ўвага і дасягнуты станоўчыя вынікі - гаспадарка сёлета павялічвае зернебабовы клін.

Пра дасягненні ´гігантаўцаў´ можна расказваць бясконца. Сведчанне таго, што СВК не толькі трывала стаіць на нагах, але і ўпэўнена крочыць у ногу з часам - безліч дзяржаўных узнагарод і ў Міхаіла Пятровіча, і ў членаў яго калектыву. І, напэўна, толькі гаспадарнік такога ж складу, як сам Левакоў, здольны ацаніць кошт гэтага.

Ды яшчэ жонка. З ´другой палавінкай´, як з любоўю і павагай заўважае Міхаіл Пятровіч, яму надзвычай павязло. Студэнцкае каханне (Антаніна Цімафееўна таксама скончыла Горацкую сельгасакадэмію, на працягу многіх год працавала ў ´Гіганце´ намеснікам галоўнага бухгалтара) у ´алімпійскі´ 1980 год перарасло ў шлюб. І вось ужо хутка 38 год, як яны разам, выгадавалі і далі пуцёўку ў дарослае жыццё дзвюм дочкам. Жонка, па словах кіраўніка ´Гіганта´, ніколі не перашкаджала яго працоўным памкненням, падтрымлівае ва ўсім.

- Гады праляцелі надзвычай імкліва, - з усмешкай і адначасова з сумам заўважае Міхаіл Пятровіч Левакоў, калі гаворка заходзіць пра юбілейную дату - 60-годдзе, якую кіраўнік СВК адзначыў у пачатку месяца. - Але за гэты час нямала зроблена. І галоўнае - людзі працуюць і маюць магчымасць глядзець у будучыню.

Пра такіх, як Левакоў, звычайна гавораць - ´на сваім месцы´. Між тым, наўрад ці хто ўсумніцца, што чалавек ягоных якасцяў і здольнасцяў - прыроджаных і набытых, выдатна прыйшоўся б на любым іншым месцы, у любой іншай галіне. Так што сельскагаспадарчай проста пашанцавала.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву рэдакцыі.

иcтoчник: www.tribunapracy.by