Кірунак - на прыбыткі.

Вынікі работы за 2017 год і задачы на бягучы абмеркавалі работнікі філіяла ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´. Справаздачны сход, удзел у якім прыняў і старшыня райвыканкама Павел Найдзён, прайшоў у чацвер на мінулым тыдні ў актавай зале Гарбацэвіцкага СДК.

Даючы характарыстыку папярэдняму сельскагаспадарчаму году, дырэктар філіяла Аляксандр Атрохаў падзякаваў за працу калектыў, стараннем якога ўдалося прыкметна палепшыць асноўныя вытворчыя паказчыкі. У прыватнасці, павялічылі (134% да папярэдняга года) вытворчасць малака, якая склала 6 634 т, рэалізацыю малака (131,2%), удой на карову (130%) - надаілі 4 675 кг. Нядрэнна спрацавалі па мясным накірунку жывёлагадоўлі - сярэднесутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні склалі 629 г (106%), на адкорме БРЖ - 761 г. Болей чым удвая павялічылі вытворчасць яек. Нягледзячы на нялёгкае матэрыяльнае становішча, пры фінансавай падтрымцы ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´, шмат будавалі - добраўпарадкоўвалі малочна-таварныя фермы, свінафермы, праводзілі рэканструкцыю МТФ у в. Каменка, птушнікаў, куды набылі сучаснае абсталяванне. У мэтах больш якаснага захавання тэхнікі і эканоміі паліўных рэсурсаў распачалі работы па аднаўленні дзейнасці машынна-трактарнага ўчастка в. Гарохаўка, інш.

Кірунак - на прыбыткі.

Пры гэтым Аляксандр Атрохаў указаў на недапрацоўкі і страчаную матэрыяльную выгоду ад іх. Гэта і непрадукцыйнае выбыццё жывёлы, і далёкія ад ідэальных паказчыкі якасці рэалізуемага малака (гатункам ´экстра´ хоць і павялічылі, аднак недастаткова - 53% ад агульнага аб´ёму), нерэнтабельнасць прадукцыі свінагадоўлі. І прычыны, па словах дырэктара, у ´чалавечым´ фактары - грубым парушэнні тэхналагічных патрабаванняў работнікамі і недастатковым кантролі за вытворчым працэсам з боку спецыялістаў.

Кірунак - на прыбыткі.

Не дала чакаемай аддачы раслінаводчая галіна. Нягледзячы на прадпрынятыя меры і сумленную работу механізатараў, ураджайнасць збожжавых не парадавала. Паўплывала на гэта, як было адзначана, у тым ліку спецыфіка зямель - нізкая ўрадлівасць глебы, недастатковасць унесеных мінеральных угнаенняў, аддаленасць палёў (сельгасугоддзі філіяла складаюць звыш 18 000 га) і звязаныя з гэтым нязручнасці.

Гаворачы пра задачы на сёлетні год - павелічэнне вытворчасці прадукцыі па ўсіх накірунках дзейнасці, павелічэнне выручкі і, галоўнае, выхад на прыбытак (па выніках 2017 года філіял спрацаваў ´у нуль´, палепшыўшы тым самым ´мінусавы´ вынік 2016-га), Аляксандр Атрохаў заўважыў, што для гэтага ў гаспадарцы маецца ўсё неабходнае. Справа - за строгім выкананнем тэхналогій, і ў гэтым плане вядзецца няўхісная работа з работнікамі ўсіх узроўняў. У мэтах вырашэння кадравага пытання, прыцягнення на вытворчасць маладых спецыялістаў (такая задача пастаўлена галаўным прадпрыемствам) запланаваны будаўніцтва і аднаўленне жылля.

Сваімі меркаваннямі адносна прычын, якія не прывялі да станоўчага эканамічнага выніку, і планамі па іх пераадоленні ў новым сельскагаспадарчым годзе падзяліліся галоўныя спецыялісты - аграном М.М. Атрохова, ветурач С.М. Мянькоўскі, заатэхнік В.Г. Васілеўская. Лідар прафсаюзнай ´пярвічкі´ Н.М. Дудаль зрабіла раскладку выдаткаванняў грамадскіх сродкаў і адзначыла, што ўсе пункты калектыўнага дагавору выконваліся.

Кірунак - на прыбыткі.

Указаўшы на тое, што філіялам у мінулым годзе зроблена нямала, акрэсліўшы стратэгічныя задачы ´Агракамбіната КХП´ на 2018 год, Павел Найдзён заўважыў, што іх вырашэнне - абавязак не толькі кіраўніцтва, але ўсяго калектыву, і прыступаць да яго выканання трэба неадкладна - праз павелічэнне вытворчасці працы, паляпшэнне выканаўчай і працоўнай дысцыпліны, трывалае ўкараненне тэхналогій на кожным з відаў вытворчасці. Прычым арыенцірам у рабоце калектыву, па словах кіраўніка раёна, павінны стаць прыбыткі. Дзякуючы ім гаспадарка зможа стабільна функцыяваць і развівацца, а работнікі - атрымліваць годную заробную плату.

Падчас сходу лепшым з лепшых працаўнікоў палёў і ферм, спецыялістам, чыя работа ў 2017 годзе прызнана найболей паспяховай і выніковай, былі ўручаны граматы і ўдзячнасці ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´ і філіяла ´Агракамбінат КХП´.

Падарункам для аграрыяў стала і канцэртная праграма, наладжаная артыстамі раённага Цэнтра культуры і мясцовага СДК.

Алена КАРПЕНКА. Фота Іллі КАСЬКО.

иcтoчник: www.tribunapracy.by