Новы магазін, па вуліцы Гогаля, 53, курганцы пазнаюць і па адпаведнай шыльдзе, і па беларускім арнаменце, які ўпрыгожвае ўваход і дапаўняе інтэр´ер гандлёвай залы. Месца зручнае: на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра, непадалёк ад кінатэатра ´Россия´. Індывідуальны прадпрымальнік Пётр Шмараў, які наладзіў гандаль, прызнаўся, што там свядома створаны ´савецкі´ знешні выгляд з даданнем нацыянальнага беларускага каларыту. Мяркуе, для людзей старэйшага пакалення такі антураж нагадае пра мінулае, а моладзь тут зможа даведаецца, якога смаку й якасці былі раней прадукты харчавання.

У расійскім горадзе Кургане адкрыўся магазін ´Белорусские продукты´.

У новым магазіне

Фота: Таццяна Макавеева

На прылаўках - розныя каўбасныя вырабы, соўсы, прыправы, у тым ліку хрэн, ёсць саланіна, сыры, малочныя прадукты: малако, кефір, смятана, ёгурты. Усё - вышэйшай якасці, без ГМА і дадаткаў. Ёсць цукеркі, шакалад, вафлі. Асаблівы гонар Пятра Шмарава - сапраўдны беларускі хлеб: аржаны і белы.

Як жа з´явілася ідэя такой крамы? Сям´я Пятра Уладзіміравіча прадае касметыку, і для папаўнення асартыменту яго жонка заключыла прамы кантракт з вытворцамі з Беларусі - кампаніяй ´Iris Cosmetic´. Па прадукцыю яна спачатку паехала сама, прывезла з Беларусі гасцінцы - некаторыя прадукты. Муж паспрабаваў, і яму вельмі спадабаліся. З часам у Кургане пачалі з´яўляцца выставы-кірмашы беларускіх прадуктаў, іх зауральцы рассмакавалі. А калі ёсць попыт, то з´явілася й прапанова - пасля таго, як Шмараў пазнаёміўся са старшынёй Нацыянальна-культурнага цэнтра беларусаў Зауралля ´Батькавщина´ Людмілай Урванцавай. Яна дапамагла ´звесці масты´ з аддзяленнем Пасольства Беларусі ў Расіі ў Екацярынбурзе, з дзелавымі людзьмі ў рэгіёне, у Цюмені. Год прайшоў ад ідэі да адкрыцця крамы, і вось яна ўжо ёсць. Прычым ´Белорусские продукты´ - гэта ж і сведчанне ўмацавання дружбы паміж дзяржавамі. А паміж вобласцю і Беларуссю падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.

Людміла Урванцава для стварэння нацыянальнага каларыту прынесла з ´Беларускай хаты´, штаб-кватэры суполкі, ручнік, шторы з беларускім арнаментам, нацыянальныя касцюмы. ´Сяброўства ўмацоўваць можна і смачнай ежай, - лічыць яна. - Я вельмі задаволена! У канцы кастрычніка ў Курган прыязджала дэлегацыя з Беларусі, у яе складзе былі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, міністр ЖКГ, намеснік міністра сельскай гаспадаркі. У нашай ´Беларускай хаце´ была з імі сустрэча, дзелавая размова. То хай будзе ў яе працяг!´

Адным з першых пакупнікоў магазіна стаў пенсіянер Сяргей Вяроўкін. Кажа: як пачуў пра навіну, то адразу пабег сюды. ´Ува мне цячэ беларуская кроў: я ж нарадзіўся пад Бабруйскам! - удакладняе. -Прыйшоў і кажу: дайце мне самага смачнага. Набраў усяго патрохі, нават кефір купіў! Прывяду яшчэ праўнукаў, бо й яны хочуць убачыць краму, пакаштаваць прадукты з прадзядулевай радзімы´.

Пётр Шмараў плануе развіваць справу, пашыраць асартымент. Калі ўсё складзецца, то й павялічваць колькасць магазінаў з беларускім асартыментам па горадзе.

Таццяна Макавеева, г. Курган

Голас Радзімы № 1 (3553), субота, 6 студзеня, 2017 у PDF

иcтoчник: www.sb.by