Народныя абраннікі трымаюць адказ.

Заканчваецца чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў райсавета. Што паспелі зрабіць народныя абраннікі за гэты перыяд? Чаго, наадварот, рэалізаваць не ўдалося? З якімі праблемамі і турботамі звярталіся выбаршчыкі да тых, каму даверыліся? Пра гэта і іншае мы пацікавіліся ў аднаго з найбольш актыўных народных абраннікаў - дэпутата Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў па Глушанскай сельскай выбарчай акрузе Васіля Амялюсіка.

Тэрмін дэпутацтва Васіля Рыгоравіча не абмяжоўваецца толькі чатырма гадамі 27-га склікання. Ён народны абраннік, як кажуць, са стажам: за плячыма тры скліканні ў сельскім Савеце дэпутатаў і вось ужо два - у раённым. Да таго ж, збіраецца пазмагацца за дэпутацтва ў наступным, 28-м скліканні. Чаму? Таму што ёсць шмат незавершаных спраў.

- Што ўдалося дасягнуць? Часткова замяніць на сучасныя вокны ў пабудове Глушанскага ВПК. Не скажу, што гэта цалкам мая заслуга - дапамаглі і дэпутаты вышэйшых структур, і райвыканкам, але і мне прыйшлося парупіцца. Немалую работу сумесна з сельвыканкамам і непасрэдна яго старшынёй Марыяй Сушчанка правялі і праводзім па добраўпарадкаванні населенага пункта. Цяпер вось ініцыіравалі ўсталяванне навагодняй прыгажуні ля сельскага Дома культуры, за што вялікая падзяка ўсім, хто не застаўся абыякавым да гэтай задумкі. А ўвогуле людзі звяртаюцца да мяне па самых розных пытаннях. Гэта і рамонт дарог, і рэжым работы вулічнага асвятлення, і графік руху грамадскага транспарту... У дачыненні апошняга давялося не толькі накіроўваць дэпутацкі запыт у аўтобусны парк №2 г. Бабруйска, але і звяртацца ў аблвыканкам - прасілі аднавіць шыльды з графікам руху транспарту на аўтобусных прыпынках. Аднавілі. Аднак не ўказалі перавозчыка-прыватніка, чыімі паслугамі жыхары акругі таксама актыўна карыстаюцца і задаволены яго работай. Над гэтым збіраюся яшчэ папрацаваць.

А ўвогуле Васіля Рыгоравіча хвалюе адсутнасць дастатковасці працоўных месцаў для пасялкоўцаў, у асаблівасці для мужчынскага насельніцтва. А вось той факт, што ў Глушы будуецца пяціпавярховы жылы дом, дэпутата радуе: палепшыцца дэмаграфічны стан населенага пункта, шчаслівыя сем´і справяць наваселлі. Васіль Амялюсік не без гордасці адзначае, што, дзякуючы прынцыповасці і адказнасці старшыні сельсавета і трывала наладжаных з дэпутацкім корпусам сувязяў, у пасёлку дзейнічае дружына, чыя работа прызнана найбольш зладжанай і выніковай у раёне. І, увогуле, актыў акругі: мясцовая ўлада, дэпутаты, старасты і проста актывісты, - дружна працуе на адну і тую ж мэту - зрабіць жыццё жыхароў больш прывабным і ўтульным.

Адна з галоўных рыс народнага абранніка - быць адкрытым для людзей. І ў гэтым Васіля Амялюсіка ніхто не папракне. ´Мой тэлефон ведае кожны, - заўважае суразмоўца. - Калі хвалюе праблема, чалавек можа тэлефанаваць мне ў любы час´.

Карыстаючыся магчымасцю, дэпутат віншуе сваіх выбаршчыкаў і ўсіх жыхароў раёна з надыходам Каляд і Новага года і жадае галоўнага - міру, здароўя, дабрабыту.

Алена КАРПЕНКА. Фота Алены БРАІЛІЦЫ.

иcтoчник: www.tribunapracy.by