Дзве вялікія імпрэзы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 135-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа рыхтуюць супляменнікі ў Ерэване.

Сярод пастаянных удзельнікаў Фэсту мастацтваў беларусаў свету былі й сёлета артысты ансамбля ´Родныя карані´ з Арменіі. Разам з Жаннай Нікітчук, Дзіянай Аруцюнавай ды Людмілай Асаланян прыехалі 15-гадовы Эдгар Асаланян, 13-гадовая Лідзія Халяўчанка. Дзяўчынка ў Беларусі была ўпершыню. Маці яе - беларуска родам з Расіі, тата - армянін. Лідзія ў захапленні ад Мінска, выступленняў на сцэне Белдзяржфілармоніі ды ў цэнтры сталіцы, каля Ратушы. Спадабалася ёй і паездка па Магілёўскай вобласці ды ў Бабруйск.

Дзве вялікія імпрэзы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 135-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа рыхтуюць...

Госці з Арменіі на трэцім Фэсце мастацтваў у Мінску

´Падлеткаў мы ўзялі з сабой невыпадкова, - казала мне кіраўніца ерэванскай суполкі ´Беларусь´ Ірына Пагасян. - Дзеці ж павінны не толькі чуць, што ім расказваюць бацькі пра зямлю продкаў, але й на свае вочы пабачыць Беларусь´. Заклапочана Ірына Мікалаеўна тым, як перадаваць беларускасць у спадчыну моладзі. Пры суполцы дзеля таго й створаны дзіцячы лялечны тэатр і творчы гурт ´Крынічка´, кіруе якім Дзіяна Аруцюнава. У ім дзеці, падлеткі танчаць ды спяваюць па-беларуску.

А з Дзіянай сустракаліся мы летась у Мінску: прыязджала на курсы для кіраўнікоў самадзейных калектываў беларусаў замежжа. Казала мне тады, што развучвае з дзецьмі як народныя песні-танцы, фальклорныя, так і сучасныя. Амаль усе яе навучэнцы - са змешаных сем´яў, у якіх таты - армяне, а маці - беларускі. Песні ж вельмі дапамагаюць пры вывучэнні мовы. Бо, вядома ж, навучаюцца малыя ў армянскіх ці рускіх школах. Цяжкасці з беларускім вымаўленнем узнікаюць бадай што ў кожнага. У песнях жа, пад музыку, складаныя гукі лёгка кладуцца на слых, меладычна перапяваюцца. З 2001-га працуе ў Ерэване й беларуская нядзельная школа. У ёй мову, культуру, традыцыі беларусаў вывучаюць праз казкі ды віртуальныя падарожжы на радзіму продкаў. Вядзе заняткі настаўніца-беларуска, ураджэнка горада Барысава Ірына Локіс.

Дзве вялікія імпрэзы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 135-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа рыхтуюць...

Ірына Пагасян

Пра новыя формы працы з моладдзю казала Ірына Пагасян сёлета на Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа. Прапаноўвала, напрыклад, ладзіць сустрэчы дзяцей беларусаў з розных краін у інтэрнэце: праводзіць відэаўрокі, круглыя сталы, канферэнцыі, алімпіяды: ´Трэба падахвочваць інтарэс да беларускасці ў моладзі. Прычым з сённяшнімі тэхнічнымі магчымасцямі рабіць тое даволі лёгка´.

Беларуская суполка Арменіі ´Беларусь´ арганізавана ў 1998 годзе, у ёй каля 150 сяброў. У асноўным гэта - жанчыны, іх дзеці ды ўнукі. Напрыклад, у Ірыны Пагасян, якая родам з Мінска, а ў Ерэване жыве больш за 30 гадоў, у суполцы і сын Гурген, і дачка Крысціна. ´Маленькімі беларусамі падрастаюць і ўнукі´, - радуецца яна. Штогод супляменнікі разам адзначаюць беларускія народныя святы: Каляды, Масленіцу, Купалле, Дажынкі, праводзяць розныя культурныя імпрэзы. І сёлета ў Ерэване адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 135-я угодкі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Падрыхтоўка да іх ідзе поўным ходам. Запрошаны прадстаўнікі Амбасады Беларусі ў Ерэване, сябры з расійскай, украінскай, яўрэйскай, польскай, грузінскай, грэчаскай нацыянальных абшчын Арменіі. ´Усяго ў Ерэване 10 этнасуполак, і беларуская культура прыкметная ў шматнацыянальнай палітры Арменіі, - казала Ірына Пагасян. - Яна - нібы кветка-васілёк у жытнёвым полі. А для кожнага з нас, хто апынуўся па-за межамі Бацькаўшчыны, важна захоўваць сваю ўнікальнасць, не адрывацца ад каранёў, помніць: хто мы і адкуль´.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 41 (3545), чацвер, 26 кастрычніка, 2017 у PDF

иcтoчник: www.sb.by