иcтoчник: www.tribunapracy.by
Сям´я - гэта галоўнае
... У гэтым упэўнена мая субяседніца - жыхарка нашага раёна, загадчыца Ленінскага сельскага клуба, шматдзетная маці Юлія Валер´еўна Каваленка.
Добрымі словамі згадваючы бацькоў і сям´ю, з якой выйшла, захаваўшы прыязныя адносіны са старэйшымі братамі, Юлія Валер´еўна і сваё сямейнае гняздо будуе ў любові і ўзаемапавазе дарослых і дзяцей адзін да аднаго. І вельмі хоча, каб і яе ўласная сям´я, як некалі бацькоўская, стала месцам сілы для нашчадкаў. Каб, выйшаўшы ў дарослае жыццё, стварыўшы ўласныя сем´і, сыны і дачка імкнуліся да бацькоўскага парога.
Дзеля гэтага Каваленкі шмат што робяць, а найперш - добраўпарадкоўваюць сямейнае гняздо. Спачатку меркавалі, выкарыстаўшы мацярынскі капітал, пабудаваць новы дом у аграгарадку. Але калі бацькоўскі асірацеў, не стала матулі, прынялі рашэнне застацца ў ім - занадта балюча было развітвацца з месцам, дзе вырас. ´А вось жыць у горадзе мне ніколі не хацелася. На вёсцы зусім іншы ўклад: цішыня, спакой, чыстае паветра, нетаропкі лад жыцця, людзі навідавоку, усе навокал - як свае, родныя´, - пералічвае выгоды вясковага жыцця гераіня аповеду і заўважае, што з радасцю б успрыняла жаданне дзяцей пабудавацца побач.
Муж Ілля, з якім маладая жанчына пазнаёмілася ў мясцовым аўтобусе, едучы на працу ў Бабруйск, яе памкненні падтрымаў. Родам Ілля Аляксандравіч таксама з вёскі, Асіповіцкага раёна. У аграгарадок часта прыязджаў да бабулі.
Цяпер гаспадар сям´і працуе ў суседняй Расіі вадзіцелем. Але з Леніна надоўга не разлучаецца - штомесяца прыязджае дамоў, займаецца пытаннямі рамонту дома, хатнімі справамі, стараецца пабыць з дзецьмі, зладзіць ім паездку ў Бабруйск ці яшчэ куды.
Юлія ж асноўную частку дня бавіць на рабоце, тым болей што колькі год таму яна, швачка па прафесіі, кардынальна змяніла прафесійны накірунак - узначаліла мясцовую клубную ўстанову. Атрымаўшы такую прапанову, спачатку, як кажа, разгубілася - ці спраўлюся? Але падтрымка калектыва ды кіраўніцтва Бабруйскага раённага Цэнтра культуры і галоўнае - прыроджаныя актыўнасць і дзейснасць перамаглі, і вось ужо хутка два гады як Юлія Валер´еўна запраўляе клубам. А каб адчуваць сябе больш упэўнена, набыць ведаў у прафесіі літаральна адразу пасля прызначэння паступіла на завочнае навучанне на бюджэтнай аснове ў профільны каледж у Магілёве.
Якіх толькі святаў не ладзяць для жыхароў аграгарадка работнікі клубнай установы, каб зрабіць жыццё людзей на сяле больш прывабным і цікавым, у тым ліку для моладзі. Дыскатэкі, вечарыны, каляндарныя, прафесійныя, сямейныя святы - усё гэта выклікае жывы інтарэс у вяскоўцаў. На сёлетняе навагодняя свята, як не без гонару заўважыла субяседніца, на дыскатэку ў Ленінскі клуб прыйшоў кожны трэці жыхар аграгарадка. Гэта і ёсць найлепшы паказнік вынікаў працы культработніка.
Матчыну справу гатовы пераняць і малодшыя дзеці. Дачка Насця і сын Уладзімір Ільіч (так прыўзнята-жартаўліва кліча маці малодшага сына за нараджэнне ў красавіку і супадзенне яго імя з імем Леніна) - пастаянныя наведвальнікі клуба, аматары канцэртаў і сцэны. Старэйшы Ягор, якому хутка сямнаццаць, бачыць сябе ў спорце. На гэты профіль, магчыма, і будзе паступаць пасля заканчэння Ленінскай школы.
Дружная, прыгожая і хуткая на пад´ём сям´я Каваленкаў не аднойчы ўдзельнічала ў раённым конкурсе ´Уладар вёскі´, па выніках аднаго з іх нават ездзіла на абласны этап конкурсу ў Круглае. ´Уражанняў тады набраліся - не на адзін год!, - узрушана кажа жанчына. - Ды і сябе годна паказалі, данеслі да іншых культурныя традыцыі нашага прыбярэзінскага краю, якія яшчэ нядаўна - у пару маіх бацькоў былі паўсядзённасцю. Таксама Каваленкі бралі ўдзел у раённым конкурсе мнагадзетных сямей, уласным прыкладам прадэманстравалі, што мець не аднаго дзіцяці - гэта не ёсць складана, а, наадварот, - цудоўна, утульна і шчасна.
Тым болей што дзеці - не толькі здатныя да вучобы, але і памочнікі па доме. Прыбрацца, накарміць курачак, згатаваць нескладаную страву, дапамагчы ў агародзе, выгуляць хатняга сабаку - гэта і іх занятак.
Пра сям´ю: мужа і дзяцей Юлія Валер´еўна гатова расказваць бясконца. Сям´я, як лічыць гераіня аповеду, - галоўнае, дзеля чаго жыве на зямлі чалавек. І калі ў гэтым маленькім асяродку найбольш родных ёй людзей ўсё ладзіцца, то і ў яе настрой на працу выдатны - хочацца зрабіць дзеля сяльчан яшчэ больш і болей якасна.
Алена КАРПЕНКА.
Фота з архіву сям´і Каваленка.