Малады спецыяліст Аліна БАРАДЗІН: ´Адчуваю вялікую адказнасць´.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Так характарызуе сваё стаўленне да працоўных абавязкаў эканаміст ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´, малады спецыяліст са стажам крыху болей за паўгода Аліна Барадзін. А вось камплексаваць з-за некампетэнтнасці, як здараецца ў іншых пачынаючых спецыялістаў, маёй субяседніцы не даводзіцца.

таму, што дзяўчына сур´ёзна паставілася да навучання: Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію скончыла з чырвоным дыпломам, мае не адну навуковую публікацыю, вынікова паўдзельнічала ў конкурсе ´100 ідэй для Беларусі´ (праект заняў 2-е месца). І таму, што не ў звычцы Аліны пакідаць без адказу якое б ні было пытанне - іх яна шукае або ў інтэрнэце, або ў вопытных калег.

Галоўны эканаміст Алена Уладзіміраўна Рыбчанка, калі звяртаюся да яе з пытаннем, ніколі не адмовіць. Гэтак жа, як і галоўны бухгалтар Марына Аляксандраўна Барадзіна - заўжды дапаможа, падкажа. Узяць хоць бы ўчарашні дзень: трэба было зрабіць расцэнку на рэалізацыю свініны. Звычайна яе рэалізуем на мясакамбінат, а тут - на іншае прадпрыемства. І Марына Аляксандраўна падказала мне, якія складнікі ўлічыць падчас калькуляцыі. Хоць у асноўным з пастаўленымі задачамі спраўляюся сама, складанасцяў не адчуваю. І лічу, што з усім можна справіцца, было б жаданне, - кажа субяседніца і тут жа дадае, што ў яе жаданне ёсць, а найбольшая скруха - адчуванне вялікай адказнасці за абавязкі.

Працую з дакументамі, лічбамі і добра разумею, што любая памылка можа адмоўна адбіцца на дзейнасці прадпрыемства. Трэба быць вельмі ўважлівай. Пры фарміраванні заробнай платы, да прыкладу, і самой не памыліцца, і чалавеку патлумачыць зразумелай мовай, з чаго яна склалася.

У калектыве сельгаспрадпрыемства шмат моладзі. І гэта, па словах Аліны, станоўча ўплывае на агульнае ўспрыняцце работы. ´Не сказаць, што ўсе мы вялікія сябры, але добра ладзім, дружныя, адзін аднаму гатовы дапамагчы´.

У гаспадарцы Аліна яшчэ і адказная за работу з моладдзю. З яе ініцыятывы была наладжана размова са старшакласнікамі мясцовай школы пра тое, што для іх значыць быць членам БРСМ. Гэта падзея транслявалася ў Тык-току сельгаспрадпрыемства. Прыемна, як кажа Аліна, што моладзь верыць у свае сілы, у тое, што іх будучыня залежыць найперш ад іх жа, іх спраў. Што да мяне, то я таксама ўпэўнена - усё залежыць ад самога чалавека, і не важна, у якой сферы працаваць.

Родам Аліна з Горак, пазней сям´я пераехала на Бабруйшчыну. Бацькі жывуць у Гарбацэвічах. Маці працуе настаўніцай пачатковых класаў Осаўскай базавай школы, бацька - слесар сельгаспрадпрыемства. Менавіта бацькам абавязана, як кажа дзяўчына, накірункам сваёй прафесійнай дзейнасці. І гэта аказалася яе сферай, а яшчэ падабаецца лагістыка. Таму другую вышэйшую адукацыю Аліна разлічвае атрымаць па гэтай спецыяльнасці.

Месца працы выпускніца акадэміі ведала загадзя, бо навучалася па мэтавым накіраванні. З калектывам ´Агракамбіната Бабруйскі´ пазнаёмілася яшчэ падчас вучобы - штолета ў канікулы практыкавалася тут па сваёй спецыяльнасці. Так што на працу прыйшла, як кажа, ´з базай´ - усведамленнем, чым будзе займацца. ´Ад першага дня знаёмства калектыў прыняў мяне вельмі цёпла, я ж імкнулася старанна выконваць усе даручэнні. Цяпер гэтак жа старанна імкнуся працаваць у якасці маладога спецыяліста´, - заўважыла яна.

Нягледзячы на тое, што працуе з лічбамі, мая субяседніца - творчая натура. Сярод яе хобі клейка алмазных мазаік, маляванне, вышыўка.