иcтoчник: www.tribunapracy.by
Вераніка ПАДАЛЯК: ´Жанчына - маці, а значыць, ёй усё пад сілу
Так разважае мая субяседніца, старшыня Бортнікаўскага сельвыканкама, дэпутат райсавета дэпутатаў і старшыня раённай арганізацыі ´Беларускі саюз жанчын´ Вераніка Падаляк, першая гераіня нашага новага медыяпраекта ´Быць гераіняй свайго лёсу´, у адказ на запытанне, ці не складана жанчыне запраўляць сельскім саветам, вырашаць часцяком нежаноцкія пытанні?
Між тым, кіраванне сельсаветам - не першая лідарская пасада Веранікі Уладзіміраўны. Да гэтага яна амаль пяць год узначальвала Міхалёўскую сярэднюю школу, а яшчэ раней была 1-м сакратаром Бабруйскай раённай арганізацыі ГА ´БРСМ´.
Дзе ні працаваць - калі ты кіраўнік, то мусіш вырашаць шмат разнастайных пытанняў, - кажа Вераніка Уладзіміраўна. - У школе іх было не меней, але кола было больш вузкім. На пасадзе старшыні сельвыканкама шырэйшы спектр. Людзі прыходзяць з рознымі клопатамі і турботамі. Натуральна, што ў гэтыя дні, пасля снежнай завеі давялося тэрмінова займацца пытаннем ачысткі дарог ад снегу - даць доступ да населеных пунктаў транспарту, у прыватнасці, аўталаўкам, машынам хуткай дапамогі, пошты. Зноў жа, зіма - самы час для вырашэння пытанняў зносу пустуючых дамоў, падрыхтоўкі найболей трывалых з іх да продажу. Работа гэта няпростая, патрабуе немалых намаганняў, але надаем ёй вялікую ўвагу. Як вынік - у мінулым годзе чатыры хаты ў сельсавеце было знесена і ў пяці з´явіліся гаспадары. Апошняе заўжды радуе, бо, набыўшы маёмасць пад летнік ці для пастаяннага пражывання, людзі, як правіла, добраўпарадкоўваюць не толькі домаўладанне, але і навакольную тэрыторыю, што надае вёскам больш прывабны, дагледжаны выгляд.
З вясной, па словах Веранікі Падаляк, на першы план выходзяць пытанні апрацоўкі прысядзібных надзелаў, улетку - абкоскі травы, увосень - уборкі ўрадждаю, на працягу года - утрымання грамадзянскіх могілак. І гэта толькі асноўныя напрамкі, дзе патрабуецца ўдзел сельвыканкама.
Развіваючы тэмы жаночага ўдзелу ў вышэйпералічаных справах і Года беларускай жанчыны, якім аб´яўлены 2026-ты, Вераніка Уладзіміраўна ўпэўнена заяўляе, што жанчынам падуладна ўсё. ´Жанчыне дадзена быць маці, а значыць, - быць моцнай. Магчыма, не целам, але духам. Мацярынства загартоўвае, выпрацоўвае такія якасці як адказнасць, развага, памяркоўнасць, неабыякавасць, спагада, дасягненне пастаўленых мэт´.
Сур´ёзныя пасады і звязаныя з імі абавязкі асабіста ёй, як кажа гераіня аповеду, не перашкаджаюць займацца шматлікімі хатнімі справамі. Сёлета яны з мужам Андрэем змянілі гарадское жыццё ў шматпавярховіку на ўласны дом у Кіраўску, адкуль родам. Вясковы ўклад жыцця, па словах субяседніцы, ёй заўжды імпанаваў. Завіхацца ў сваім двары, добраўпарадкоўваць яго, гадаваць птушку, глядзець за градамі - напрыканцы красавіка сям´я ўжо частуецца клубніцамі з уласнай цяпліцы - усё гэта прыносіць задавальненне і, галоўнае, на ўсё гэта стае часу.
З асаблівым запалам расказвае Вераніка Уладзіміраўна і пра сваё хобі - прыгатаванне тортаў да святочных дат, дзён народзінаў членаў сям´і, родных і сяброў. ´Калі гатую торт, забываюся на ўсё, у тым ліку на час - магу займацца гэтым да паўночы, - усміхаючыся, кажа яна. - Але ж і вырабы атрымліваюцца на захапленне - смачныя, непаўторныя, з творчым, індывідуальным падыходам да афармлення´.
таму, што дзейсная па натуры, і як старшыня сельвыканкама, дэпутат, лідар грамадскай арганізацыі Вераніка Падаляк актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна: бярэ ўдзел у суботніках, аўтапрабегах, сустрэчах з насельніцтвам, ва ўсіх маштабных і не толькі мерапрыемствах раёна, дабрачынных акцыях. З апошняга - наведванне па месцы жыхарства сямей з дзецьмі-інвалідамі: у межах навагодняй акцыі ´Нашы дзеці´ хлопчыкам і дзяўчынкам сельсавета былі ўручаны салодкія падарункі.
Жыццё шматграннае і надзвычай цікавае, - лічыць мая субяседніца. - Напоўніць яго, пабудаваць пад сябе, сваю ўнутраную патрэбу і адчуванне - задача саміх людзей. І вельмі важна мець мары, жыць намаганнямі да іх дасягнення, радавацца збыццю. У мінулым годзе мая дачушка стала студэнткай прэстыжнага вуза, паступіла на бюджэт, і вучоба ёй падабаецца. Для мяне гэта сапраўднае шчасце - збылася адна з маіх запаветных мар.
Шчасця, здароўя, міру, душэўнай раўнавагі, сямейнага цяпла ў надыйшоўшым годзе Вераніка Падаляк жадае ўсім жанчынам роднага краю і ўсёй Беларусі.
Алена КАРПЕНКА.
Фота з архіва Веранікі Падаляк.