иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Як мы пісалі раней, дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў, актывістаў грамадскага жыцця, на могілках у аг. Вялікія Бортнікі, а пазней і ў в. Малыя Бортнікі з´явіліся прыгожыя каваныя ўваходныя аркі.
Сёлета добрая грамадская ініцыятыва на бортнікаўскай зямлі атрымала працяг - на мінулым тыдні на грамадзянскіх могілках Малых Бортнікаў з´явілася новая агароджа. У набыцці металічнага штакетніка працягласцю 200 метраў таксама паўдзельнічалі грамадой: СВК ´Гігант´, неабыякавыя мясцовыя жыхары пры ўдзеле Бортнікаўскага сельвыканкама.
Выказваючы ўсім словы падзякі за праяўленыя ініцыятыву і ўдзел, старшыня сельвыканкама Вераніка Падаляк асобна адзначае ў гэтай дабрачыннай справе дэпутата сельсавета Васіля Васільевіча Марозава, мясцовых жыхароў Міхаіла Іванавіча Шырокага і Віталя Ігаравіча Дымкова, якія, не шкадуючы ўласнага часу, у вольныя ад працы гадзіны выканалі ўсе неабходныя работы: залілі металічныя слупы, зварылі каркас і ўсталявалі новую агароджу.
Ініцыятыўнасць жыхароў Бортнікаў - станоўчы прыклад для ўсіх, хто шануе продкаў, клапоціцца пра малую радзіму, хоча бачыць яе прыгожай і добраўпарадкаванай. А разам і пацверджанне - тое, што цяжка зрабіць аднаму, пад сілу, калі ўзяцца гуртам.
tribunapracy.by