Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

... Міжведамаснае мерапрыемства пад такой назвай у межах рэалізацыі дзяржаўнага прафілактычнага праекта ´Здаровыя гарады і пасёлкі´ прайшло сёння ў Цялушскай сярэдняй школе.

На сустрэчу з вучнямі 7-11-х класаў прыехалі медыкі Бабруйскай гарадской паліклінікі №2: псіхолаг Алена Ганчарова, урач падлеткавага кабінета Валянціна Фёдарава, інстуктар-валеолаг Ларыса Колесава і пратаіерэй Іаан Каляда, кіраўнік аддзела па ўзаемадзеянні з установамі аховы здароўя Бабруйскай епархіі. Спікеры, кожны са свайго боку, давялі школьнікам, наколькі важна з дзяцінства захоўваць духоўнае і фізічнае здароўе.

У прыватнасці, Іаан Каляда засяродзіў увагу на поглядзе праваслаўнай царквы на праблему брыдкаслоўя ў грамадстве (у гэтыя дні БПЦ праводзіць асветніцкую акцыю ´Я і мая сям´я - без брыдкаслоўя´). Спыніўся на шкодзе ад выкарыстання мацернай лексікі, што апошнім часам назіраецца ў асяродку моладзі. Брыдкаслоўе назваў не толькі вялікім грахом перад богам, але і пагрозай духоўнаму і фізічнаму здароўю чалавека, заклікаў да духоўнай і цялеснай чысціні не толькі саміх школьнікаў, але праз іх - бацькоў, у чыіх сем´ях падобнае дазваляюць.

Цікава і захапляльна, з выкарыстаннем інтэрактыву распавяла пра спосабы захавання сямейных каштоўнасцяў Алена Ганчарова. Школьнікі наперабой удзельнічалі ў гульнях - вызначалі найбольшыя для сябе каштоўнасці і прапаноўвалі магчымыя спосабы ўкаранення апошніх у сям´і.

Валянціна Фёдарава давяла вучням пра алкагалізм - наймацнейшы разбуральнік сямейных каштоўнасцяў у грамадстве. Падрабязна спынілася на негатыўным уздзеянні алкаголю на дзіцячы і падлеткавы арганізм.

У падагульненне размовы Ларыса Колесава яшчэ раз нагадала школьнікам, як важна быць здаровым, распавяла пра спосабы абароны сям´і ад грыпу і вострых рэспіраторных вірусных захворванняў, назваўшы прышчэпку найбольш дзейсным з іх.

Тэкст і фота Алены КАРПЕНКА.