иcтoчник: www.tribunapracy.by
Свята матуль - найдаражэйшага чалавека ў жыцці кожнага, адзначылі 14 кастрычніка ў Бортнікаўскім сельсавеце, наладзіўшы для жанчын цудоўную канцэртную праграму. Арганізатарам мерапрыемства выступіў сельскі выканаўчы камітэт пры садзеянні работнікаў трох клубных устаноў сельсавета: Бортнікаўскага і Міхалёўскага СДК, Іванаўскага клуба-бібліятэкі, а таксама раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа.
У Міхалёўскім СДК у святочны дзень сабраліся жанчыны ўсіх узростаў: і тыя, чые дзеці даўно выраслі і самі сталі бацькамі, і маці цяперашніх выхаванцаў дзіцячых садкоў, школьнікаў ды студэнтаў, і тыя, каго мацярынства чакае ў будучым. Сярод тых, хто быў у зале - і працаўніцы сельгасарганізацый, якія размяшчаюцца на тэрыторыі сельсавета: СВК ´Гігант´ і ААТ ´Міхалёўская Ніва´.
Са сцэны у адрас жанчын-маці прагучала шмат цёплых, кранаючых слоў. І, нягледзячы на спосаб іх перадачы: прозай, вершаваным радком ці песняй, пасыл быў адзіны - матчына любоў не ведае межаў і дзякуй вам, нашыя родныя, за ўвагу, пяшчоту і шчасце жыць на зямлі.
Алена КАРПЕНКА.