иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Высокаадукаваныя і эрудзіраваныя, строгія і патрабавальныя, чулыя і спагадлівыя, гатовыя ахвяраваць уласным часам дзеля інтарэсаў вучняў - якасці, якія вызначаюць педагагічных работнікаў нашага раёна. Пра гэта гаварылі ўсе, хто прыйшоў павіншаваць іх з прафесійным святам, падзякаваць за высакародную справу - выхаванне падрастаючага пакалення, будучыні нашай краіны.
- Педагог - чалавек, які пракладвае дзіцяці дарогу ў дарослае жыццё, раскрывае яго здольнасці і таленты. Калі вырастаем, з пяшчотай згадваем людзей, якія нас вучылі, імя першага настаўніка праносім праз усё жыццё, - адзначыў старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Крыцкі.
Кіраўнік раёна падзякаваў педагогам за працу, пажадаў ім здароўя, творчых поспехаў, дабрабыту і невычарпальнай энергіі. Ад раённага выканаўчага камітэта ўручыў аддзелу па адукацыі сертыфікат на набыццё тэлевізара, кіраўнікам Гарбацэвіцкай і Туголіцкай сярэдніх школ - узнагароды.
Падзякі, цёплых слоў, грамат і падарункаў удастоіліся настаўнікі ад раённага Савета дэпутатаў, раённай арганізацыі БГА ´Белая Русь´, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Шчыра павіншавала і падзякавала калегам, уручыўшы многім узнагароды, начальнік аддзела па адукацыі Алеся Стэльмак. ´Вы - тыя, хто праслаўляе сваю прафесію не словамі, а справамі. Шчыра дзякую вам за гэта і за вашу нялёгкую працу´, - заўважыла Алеся Сяргееўна і пажадала ўсім міру, шчасця і дабрабыту.
Не засталіся без увагі ветэраны педагагічнай працы. Колішніх настаўнікаў зала сустрэла кветкамі і шквалам апладысментаў. Маладых жа спецыялістаў заклікалі дружна ўлівацца ў згуртаваны калектыў раённага настаўніцтва, прафесіяналізмам і крэатыўнасцю авалодваць сэрцамі маленькіх грамадзян, упэўнена весці іх у краіну ведаў.
Цудоўным падарункам для педагогаў стала тэматычная інсцэніроўка калег і, вядома ж, канцэртная праграма, падрыхтаваная творцамі раённага Цэнтра культуры і выхаванцамі Цэнтра творчасці Бабруйскага раёна.
tribunapracy.by