Забяспечыць жывёлу якасным сенажом...

иcтoчник: www.tribunapracy.by

... Такую задачу паставіў перад сабой калектыў ААТ ´Міхалёўская Ніва´. І хоць дажджлівае чэрвеньскае надвор´е на шляху да гэтай мэты чыніць перашкоды, усведамленне, што травастой высокі, дае ўпэўненасць на выкананне пастаўленай задачы.

- Усяго для патрэб нашай жывёлагадоўлі запланавалі нарыхтаваць 16 000 тон сенажу. З траў першага ўкосу ўвесь гэты аб´ём, вядома ж, не возьмем, але тысяч пад 12-ць, упэўнены, пакладзем, - падзяліўся бліжэйшымі планамі галоўны аграном ААТ ´Міхалёўская Ніва´ Сяргей Мартынчык.

На сёння ў гаспадарцы нарыхтавана звыш 7 000 тон сенажу ці 43% ад патрэбы. Сена маецца 40 тон з плану ў 1689 тон, да яго нарыхтоўкі толькі прыступілі.

Людзі на працу, як заўжды, настроены станоўча. На полі паблізу в. Цярэшкавічы ўчора рупіліся цэлым механізаваным атрадам. Шпарка бегала па сенажаці касілка КМР-9 пад кіраваннем аса гэтай справы Міхаіла Лаўрыновіча. Кормаўборачнымі комплексамі КВК-800 запраўлялі вопытныя механізатары Мікалай Канавалаў і Мікалай Андруховіч. Перавозку правяленай масы да траншэі на малочна-таварную ферму Хімы ажыццяўлялі вадзіцелі МАЗаў Леанід Шкрадзюк і Сяргей Шырокі, а таксама Канстанцін Манько на трактары МТЗ-3522 з прычэпам ПМФ-20 ды іншыя трактарысты-перавозчыкі. Для зручнасці і бесперабойнасці работ на ўзбочыне поля напагатове стаяла паліўна-заправачная машына з вадзіцелем Уладзімірам Манько.

Аўторак для корманарыхтоўкі выдаўся спрыяльным. У гаспадарцы спадзяюцца, што такой жа плённай будзе і серада.

Мікалай Канавалаў

Мікалай Андруховіч

Міхаіл Лаўрыновіч

Канстанцін Манько

Уладзімір Манько

Алена КАРПЕНКА.

Фота Віктара ШЭЙКІНА.