Нагрудны знак - за высакародную справу.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Медстатыстык Бабруйскай гарадской паліклінікі №2 Ірына Жураўлёва - уладальніца нагруднага знака Міністэрства аховы здароўя ´Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь´. Удастойваюцца такога звання донары, якія здалі кроў не менш за 40 данацый. У Ірыны Васільеўны нагрудны знак з´явіўся яшчэ ў 2003 годзе. Цяпер жа на рахунку донара - больш за 180 данацый.

- Пачалося маё донарства яшчэ ў медвучылішчы, дзе я навучалася, - згадвае Ірына Жураўлёва. - Тады была практыка - брыгады работнікаў станцыі пералівання крыві прыязджалі на прадпрыемствы, у арганізацыі, у тым ліку вучэбныя, расказвалі, як хворым патрэбна кроў, ажыццяўлялі забор яе. Я здала некалькі разоў і забылася на гэта, пакуль аднойчы па мясцовым радыё не пачула заклік здаць кроў для воіна-інтэрнацыяналіста, і якраз маіх паказчыкаў. Для мяне гэтая тэма была балючая: у Афганістане загінуў мой аднакласнік. Пайшла і сказала, што я падыходжу і гатова здаць. З таго моманту пачала здаваць пастаянна, у тым ліку на бязвыплатнай аснове.

Зрэшты, у БГП №2 мая субяседніца прыйшла працаваць па размеркаванні ў 1983 годзе. У яе працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ірына Жураўлёва працягвае заставацца ў прафесіі, працаваць у родным калектыве, узначальваць прафсаюзную пярвічку паліклінікі і працягвае быць донарам.

- Усведамленне таго, што мая кроў дае магчымасць многім людзям працягваць жыццё, не дазваляе мне спыніць донарства. І пакуль будзе дазваляць здароўе, буду здаваць яе, - кажа Ганаровы донар.

Ірына Васільеўна Жураўлёва - чалавек не толькі шырокай душы, але і шырокага кругагляду, цікаўны і аванцюрны. Маючы вялікі інтарэс да падарожжаў, аб´ехала паў Расіі, адкуль родам, і ўсю Беларусь. Любіць мастацтва, тэатр. Любіць жыць поўным жыццём, прыносячы карысць краіне і людзям - чужым і блізкім.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.