
иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
85-гадовы юбілей адзначыла жыхарка в. Ганчароўка Хімоўскага сельсавета Марыя Ніфонцьеўна Асіпенка, у колішнім - даярка-перадавік калгаса ´Шлях камунізма´ (цяпер - ААТ ´Міхалёўская Ніва´), дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.
У даяркі Марыя Ніфонцьеўна пайшла адразу пасля заканчэння 10-ці класаў мясцовай школы. Застала і цалкам ручную працу ў гэтай прафесіі. Падаіць двойчы ўдзень 14 кароў - трэба было мець сілу і настойлівасць. А яшчэ патрабавалася накарміць жывёлу, пачысціць, надоенае малако самой панасіць да месца збору. Пазней з´явіліся дойныя апараты, але і кароў у Марыі Ніфонцьеўны пабольшала ўдвая. Калі сыходзіла на заслужаны адчычынак, на яе абслугоўванні было ўжо паўсотні рагуль.
- Прыходзілася ой як нялёгка, але я сваю работу вельмі любіла. А калі занятак падабаецца, то і цяжкасці такімі не здаюцца, - кажа юбілярка. - Кароўку кожную ведала па мянушцы, і яны на мяне здалёк адгукваліся - падганяць не трэба было, самі ішлі да свайго месца.
У дэталях згадвае Марыя Ніфонцьеўна і час свайго дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце, які прыйшоўся на пачатак 70-х гадоў цяпер ужо мінулага стагоддзя і куды яе абралі за высокія працоўныя вынікі. ´Гэта было для мяне вельмі ганаровым. Людзей на сесіі - поўная зала! Адзежу спецыяльна для паездкі ў сталіцу не набывала, ездзіла ў тым, што было. Дабіралася на цягніку - за квіток дэпутаты не плацілі. Камандзіровачных давалі 7 з паловай рублёў на суткі, за іх харчаваліся - у сталоўцы, а часцей у нумары гатэля ´Мінск´, куды нас сялілі, прадукты набывалі ў краме. Гуляць па сталіцы асабліва не хадзілі, перакусім - і спаць. Хацелася выспацца, бо на работу ўставаць даводзілася вельмі рана.
... Цяпер, як кажа Марыя Ніфонцьеўна, ёй жывецца ´дзякуй богу´. Хоць перамяшчаецца з дапамогай палачак, але мае светлую галаву, жыве ў сваёй прасторнай хаце, пад доглядам роднага чалавека. З пяцёра дзяцей, якіх Марыя Ніфонцьеўна выгадавала, засталіся дзве дачкі. Пра сваю вялікую страту - трое сыноў - жанчына не можа згадваць без слёз.
Падзякаваць за шматгадовую і добрасумленную працу на карысць раёна і краіны, павіншаваць з юбілейным днём народзінаў у дом да Марыі Ніфонцьеўны з кветкамі і падарункамі сёння наведаліся прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў, старшыня і члены Хімоўскай ветэранскай пярвічкі, а таксама суседзі імянніцы. Віншаванні ва ўсіх былі адны - здароўя і цеплыні родных.



