Чысціню і парадак - на першы план! У Бабруйскім райвыканкаме прайшоў штаб па добраўпарадкаванні

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Штаб па навядзенні парадку на зямлі і выкананні раённага плана па добраўпарадкаванні тэрыторый прайшоў сёння ў выканаўчым камітэце. Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі зацікаўленых службаў, кіраўнікі раённых арганізацый, у тым ліку сельскагаспадарчых, старшыні сельсаветаў. Узначаліў штаб намеснік старшыні райвыканкама Іван Кандрацьеў.

З асноўнага - абмеркавалі выкананне плана па добраўпарадкаванні раёна, засяродзілі ўвагу на ходзе дакладных мерапрыемстваў, у прыватнасці, азеляненні тэрыторый, аднаўленні дзіцячых гульнёвых пляцовак, усталяванні малых архітэктурных форм і лавак для адпачынку ў грамадскіх месцах сельскіх населеных пунктаў. Разам знайшлі адказы на хвалюючыя пытанні ў гэтым плане. Асобна спыніліся на вядзенні дакументацыі - уся справаздачнасць у штаб павінна прадастаўляцца своечасова.

- Няма ніякага сумнення, што раённы план па добраўпарадкаванні будзе выкананы і нашыя вёскі і пасёлкі стануць больш прыцягальнымі, а жыццё сяльчан у іх - больш камфортным, - адзначыў Іван Кандрацьеў.

Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.