Лета ў школьнікаў Бабруйскага раёна абяцае быць цікавым.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

З заканчэннем навучальнага года клопат пра школьнікаў у Бабруйскім раёне не спыняецца. Хлопчыкам і дзяўчынкам традыцыйна будуць створаны ўмовы для цікавага адпачынку. Тым жа, хто хацеў бы папрацаваць і зарабіць грошай - умовы і для гэтага.

Як паведамілі ў аддзеле па адукацыі Бабруйскага райвыканкама, у мэтах якаснага правядзення летняй аздараўленчай кампаніі, эфектыўнай арганізацыі вольнага часу і працоўнай занятасці раённых дзяцей улетку ў раёне распрацавана праграма ´Лета-2025´, якая прадугледжвае разнастайныя формы арганізацыі вольнага часу і меры па прафілактыцы дзіцячага траўматызму і гібелі непаўналетніх падчас канікул.

Згодна з дадзенай праграмай, у летні перыяд на тэрыторыі раёна будзе функцыяваць 12 выхаваўча-аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, дзе змогуць адпачыць 320 навучэнцаў. Таксама будуць дзейнічаць 4 лагеры працы і адпачынку - у агульным на 40 чалавек. У прыватнасці, вучні Цялушскай сярэдняй школы будуць заняты на пасяўных плошчах філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік-АграСэрвіс´, Гарбацэвіцкай СШ - на палях ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´, Брожскай і Глушанскай сярэдніх школ - у лясніцтве Бабруйскага лясгаса.

Акрамя таго будуць функцыянаваць два палатачных перасоўных лагеры. Арганізаваць іх збіраюцца Цэнтр творчасці раёна і Варатынская сярэдняя школа. Дадзены від адпачынку абралі для сябе 20 школьнікаў.

Каторы год запар раённых вучняў чакае ваенна-патрыятычны лагер ´Радзіма´ на базе вайсковай часці 20392, дзе змогуць адпачыць і фізічна загартавацца 25 непаўналетніх.

Традыцыйна прыме вучняў аздараўленчы лагер ´Бабраня-2010´. Сёлета там плануюцца чатыры змены па 120 чалавек у кожную.

І, вядома ж, для непаўналетніх арганізавана магчымасць працоўнай занятасці. Часовай працоўнай занятасцю будзе ахоплена 70 дзяцей - на базе 9 устаноў адукацыі, 60 юнакоў і дзяўчат выказалі жаданне стаць байцамі шасці студэнцкіх атрадаў.

У перыяд летніх канікул у раёне, як заўжды, будзе арганізавана работа валанцёрскіх, працоўных і рознапрофільных атрадаў, дзіцячых аб´яднанняў па інтарэсах, будуць працаваць гульнёвыя пляцоўкі, школьныя стадыёны, марафон ´Баўлю час з карысцю!´.

Алена КАРПЕНКА.