
иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Менавіта так у ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ характарызуюць работу калектыва малочна-таварнага комплекса ´Каменка´. На сёння жывёлагадоўчы аб´ект, якім няпоўныя два месяцы загадвае Наталля Васілеўская, выключна ўсё малако пастаўляе на перапрацоўку гатункам ´экстра´ і ўпэўнена нарошчвае вытворчасць.
За студзень-сакавік, у параўнанні да адпаведнага перыяду мінулага года, павялічылі ўдой малака ад каровы на 132 кг; сярэднесутачны ўдой на рагулю, па стане на 14 красавіка, на 2,3 кг. І хоць да першых паказчыкаў у раёне яшчэ далёка, калектыў бачыць свой патэнцыял і прадпрымае захады для яго выкарыстання.
У трох хлявах МТК сёння ўтрымліваецца больш за 500 галоў жывёлы, у тым ліку 422 галавы дойнага статка. Яго абслугоўваннем займаюцца аператары машыннага даення Святлана Луц, Наталля Бандарэнка (працуе ў радзільным аддзяленні), Надзея Курмаз, Таццяна Балашова і падменная Аксана Дайшова. Кармленне і догляд - на жывёлаводах, і з гэтай задачай выдатна спраўляюцца Вадзім Палякоў, Міхаіл Ерамееў, Ангеліна Кірык і Аляксандр Луц. Догляд цялятак ад нараджэння да 2-хмесячнага ўзросту - часу, калі маладняк пераводзіцца на МТК ´Баранавічы´, ажыццяўляюць аператары па вырошчванні жывёлы Вольга Чайка і Юрый Салярык у суправаджэнні ветурача Сяргея Вансовіча. За якасцю малака неадступна сочыць ас у гэтай справе - лабарант Віталь Чарвяк. Слесар па малакапроваду, ён жа - малады спецыяліст Юрый Васілеўскі кантралюе тэхнічны бок вытворчага працэсу.
Работнікі комплекса - у асноўным жыхары Гарохаўкі, Лядаў, Глушы і Дойнічава. Да месца працы людзей падвозіць калгасны аўтобус. Для жывёлаводаў створаны добрыя ўмовы працы: маюцца пакой для адпачынку, дзе можна перакусіць, душавы пакой.
Дойка двухразовая. Пачынаецца а палове на 6-ю і па часе займае каля чатырох гадзін раніцы і столькі ж увечары. Такі распарадак дазваляе даяркам адпачыць, пераключыцца на хатнія справы. Што датычыцца даглядчыкаў, то яны на аб´екце неадступна да 17 гадзін. У іх задачах - кармленне скаціны, ачыстка стойлаў і самой жывёлы. Зрэшты, апошняе на МТК кінулася ў вочы - рагулі чысцюткія і прывабныя. На заўвагу карэспандэнтаў адносна гэтага лабарант дзелавіта адказаў: ´Стараемся´. Наталля Васілеўская пры гэтым удакладніла, што асноўная роля ў справе чысціні жывёлы - на даглядчыках, а вось вынікі дзейнасці аб´екта ў цэлым залежаць ад унёску кожнага ў калектыве. ´Калі кожны свае абавязкі выконвае добрасумленна, то станоўчы вынік будзе´, - кажа яна. Разам з тым загадчык МТК не зніжае ролю кантролю за вытворчымі працэсамі.
- Кантроль важны за ўсім: фізічным станам жывёлы, з чаго пачынаю свой дзень, прыгатаваннем корму для статка, прысутнасцю яго на кармавым стале, даеннем, адпраўкай малака на рэалізацыю, арганізацыяй работы з маладняком... Кантроль важны і дзеля таго, каб тэрміновага здымаць праблемныя пытанні, без якіх на вытворчасці не абыходзіцца і якія здольны прывесці да парушэння тэхналогій і зніжэння надояў, - кажа яна і дадае, што, калі пераважная частка тэхналагічных працэсаў калектыву падуладна, то тое ж узнаўленне статка патрабуе большай увагі і прапрацоўкі на ўсім ланцугу вырошчвання цялушкі - ад маладняку да нецялі, і не толькі на іх аб´екце.
І тут зноў галоўнае - людзі: спецыялісты і радавыя працаўнікі, іх маральныя якасці і зацікаўленасць у выніках працы. Цяперашні склад калектыву МТК, па словах заатэхніка ´Агракамбіната Бабруйскі´ Валянціны Васілеўскай, працаздольны, нацэлены на дасягненне пастаўленых задач. Да апошняга тут шукаюць спосабы матываваць людзей і найперш - заробкам, які ў кожнага - ад яго асабістага ўнёску. Станоўча ўздзейнічае на вынікі работы, як лічаць у гаспадарцы, і непасрэдны ўдзел у жыцці калектыву дырэктара Міхаіла Барадзіна, які ўнікае ў кожнае пытанне - вытворчае ці асабістае работніка - і садзейнічае ў яго вырашэнні.

Святлана Луц

Надзея Курмаз

Мiхаiл Ерамееў

Вольга Чайка
