
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Днямі 70 год споўнілася Васілю Архіпавічу Левакову, жыхару в. Стасеўка, колішняму кіраўніку колішняга аднайменнага сельгаспрадпрыемства - з некаторага часу ААТ ´Стасеўка´ далучана да ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´. Чалавеку высокіх маральных прынцыпаў, улюбёнаму ў справу жыцця, якой аддаў 40 год. Чалавеку-грамадзяніну, які балюча перажывае за будучыню вёскі, марыць, каб Стасеўка адрадзілася, каб яго дом поўніўся галасамі праўнукаў, каб краіна квітнела, а на зямлі былі мір, лад і згода.
Прыйшоўшы ў аграрную галіну ў 1972 годзе адразу пасля заканчэння Дрыбінскай сярэдняй школы (да гэтага скончыў пачатковую ў в. Старакожаўка, адкуль родам), на працягу года працаваў у паляводчай брыгадзе саўгаса ´Дрыбінскі´. Ужо той год даў юнаку зразумець, што ён на правільным шляху, аднак трэба рухацца наперад - вучыцца. Таму, адслужыўшы ў войску, паступіў у Клімавіцкі саўгас-тэхнікум. У 1977 годзе ўстанову скончыў і з чырвоным дыпломам у кішэні вярнуўся ў ´Дрыбінскі´ ўжо ў якасці брыгадзіра комплекснай брыгады. Але і на гэтым дапытлівы малады спецыяліст не спыніўся - у тым жа годзе стаў студэнтам-завочнікам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
З 1978 года працоўны стаж Васіля Левакова звязаны з Бабруйшчынай - малой радзімай жонкі Ніны Віктараўны. Маладыя людзі разам вучыліся ў саўгас-тэхнікуме і пасля яго заканчэння стварылі сям´ю. Сёлета іх шлюбу 48 год. Васіль Архіпавіч стаў працаваць галоўным заатэхнікам у калгасе імя Фрунзе - так у тыя гады называлася гаспадарка на тэрыторыі Стасеўкі. У гэтай пасадзе адпрацаваў цэлых тры дзясяткі год. А ў 2008-м узначаліў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў і яшчэ амаль 10 год быў яго старшынёй.
- Ганаруся тым часам. Гаспадарка наша хоць і невялікая была, але трывала стаяла на нагах. Садзілі бульбу, збіралі больш за тысячу тон зерня збажыны. Нашая ферма, не маючы сучасных умоў, выключна ўсё малако рэалізавала гатункам ´экстра´. Як дасягалі гэтага? Жорсткімі патрабаваннямі да тэхналогій: даення, санітарных, ветэрынарных. Кароўка ж дае малако ´экстра´, усё астатняе залежыць ад людзей, арганізацыі работы ў калектыве, а значыць - кіраўніка, які павінен любіць, ведаць сваю справу і быць гаспадаром на зямлі, - кажа Васіль Левакоў.
У самога ж Васіля Архіпавіча гаспадарлівасць у крыві. Пра гэта сведчаць і родныя, і тыя, каму з ім выпала працаваць, і вытворчыя паказчыкі, якія ´Стасеўка´ дасягала, і дагледжанасць домаўладання, дзе кожная дэталь на сваім месцы.
Цяжка перажыўшы заўчасную смерць 30-гадовага сына, перанёсшы аперацыю на сэрцы, Васіль Архіпавіч ужо не лічыць сябе ´за байца´. Але і сядзець без справы не намераны. Цяпер кола іх з Нінай Віктараўнай інтарэсаў - хатняя гаспадарка, у якой і куры, і кролікі, і парсючок. ´Не столькі для патрэбы іх трымаем, як для занятку, - заўважае гаспадыня (да пенсіі Ніна Віктараўна 7 год працавала галоўным заатэхнікам). - Не сядзеш жа склаўшы рук, калі здароўе дазваляе і маеш цікаўнасць. Ды і сям´ю дачкі, унукаў ёсць чым пачаставаць. Жывучы ў Бабруйску, яны пра нас не забываюцца - часта прыязджаюць, дапамагаюць ва ўсім´.
Зрэшты, і дачка з зяцем, і сынаў сын працуюць у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў, пра што Васіль Левакоў гаворыць з асаблівым гонарам. З захапленнем расказвае дзядуля таксама пра ўнучку, якая нядаўна стварыла сям´ю, пра спартыўныя інтарэсы наймалодшага з нашчадкаў.
І як амаль кожны, хто вырас і жыве на сяле, як чалавек, які шмат зрабіў для развіцця, дабрабыту мясцовасці і яе жыхароў, Васіль Архіпавіч з любоўю і адначасова тугой распавядае пра Стасеўку - сваю другую малую радзіму.
- Вёска наша раней шумнай была, шматлюднай - цэнтральнай сядзібай калгаса, са школай і ўсімі неабходнымі аб´ектамі сацкультбыту. Цяпер - ФАП ды крама, пастаянных жыхароў добра калі пад сотню набярэцца. А населены пункт наш дагледжаны, з добраўпарадкаванымі вуліцамі і дамамі, абноўленым асфальтам, рэчкай побач.
Праўда, улетку, як кажа Васіль Левакоў, Стасеўка ажывае: дзеці, унукі на канікулы і ў водпуск прыязджаюць. Дамоў бясгасных у вёсцы практычна няма - людзі паварочваюцца да зямлі, нашчадкі ўпарадкоўваюць бацькоўскія і дзедавы хаты, калядамавую тэрыторыю. І гэта яго як гаспадара радуе і суцяшае.
Юбілейная дата Васіля Левакова не засталася незаўважанай у раёне. Павіншаваць імянінніка - актыўнага члена раённай ветэранскай арганізацыі, члена савета пажылых людзей раёна прыйшлі і прыехалі старшыня Бабруйскай раённай арганізацыі ветэранаў Яўгенія Доўнар, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Вішнёўскага сельсавета Валянціна Сямёнава, карэспандэнты раёнкі.
Усе яны шчыра падзякавалі Васілю Архіпавічу за добрасумленную працу на карысць раёна і краіны, пажадалі шаноўнаму чалавеку галоўнага - здароўя і доўгіх год жыцця ў коле родных і сяброў.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.