
иcтoчник: www.tribunapracy.by
На полі ля вёскі Калінаўка напярэдадні засталі за гэтай работай вопытнага механізатара ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ Руслана Рудзянка. Яго трактар МТЗ Беларус-3522 з плугам ПГП 9-45 упэўнена пераварочваў верхні слой зямлі, ад чаго поле на вачах з шэра-пажоўклага ператваралася ў смаляніста-чорнае, набраклае і пухнатае.
- На маёй практыцы гэта, напэўна, дзясятая па ліку пасяўная, так што работа знаёмая ў дэталях, - кажа Руслан Генадзьевіч. - Настрой на працу, як заўжды увесну, выдатны, тым болей што надвор´е радуе лагодаю і сонцам.
Руслан Рудзянок
Па словах галоўнага агранома ААТ Сяргея Гаўрыленкі, да ворыўных работ у гаспадарцы прыступілі яшчэ ў панядзелак - поле рыхтуецца пад сяўбу кукурузы. Да гэтага яго ўздобілі хлорыстым каліем і арганікай. Усяго ж ворыўныя работы ў агракамбінаце збіраюцца правесці на плошчы ў 2 000 гектараў, яшчэ 3 000 га падрыхтавалі з восені - паднялі зябліва.
У гэтыя дні ў сельгасарганізацыі ўжо займаюцца і падсейваннем мнагалетняй травы на пашы, план якой на сёлета 400 га, з іх каля 65 га ўжо падсеяна. Актыўна працуюць з арганікай - на палі вывезена каля 45 000 тон угнаенняў, у тым ліку 8 000 тон унесена ў глебу.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.