Нежаночая справа ў жаночых руках.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Сённяшнія гераіні аповеду - жанчыны-трактарысткі СВК ´Гігант´, якія ў розныя часы адважыліся прымераць на сябе мужчынскую прафесію - сесці за штурвал жалезнага каня.

Таццяна Пятроўна Шапялевіч - цяперашняя трактарыстка ´Гіганта´. Працуе ў гэтай прафесіі цэлых тры дзясяткі год. Не пакінула свой занятак жанчына і на заслужаным адпачынку і, як кажа, ні за што б не памяняла на іншы.

Сустрэча наша з Таццянай Пятроўнай у адзін з дзён напярэдадні святочнай даты адбылася непасрэдна на яе працоўным месцы. Непадалёк Вялікіх Бортнікаў, на ўскрайку поля, што прымыкае да шашы на аг. Міхалёва, будаўнічая брыгада СВК ´Гігант´, у складзе якой і Таццяна Шапялевіч, займалася абрэзкай непатрэбнай расліннасці. Задача гераіні аповеду заключалася ў тым, каб перавозіць сухастой да месца складзіравання.

Трактарок ´Беларус-320´, якім Таццяна Пятроўна запраўляе больш за 20 год, якраз пад стаць жанчыне: невялічкі і жвавы. Дзякуючы гэтаму, а найперш майстэрству кіроўцы, з лёгкасцю праходзіць там, дзе іншай тэхніцы зманіпуляваць складана. У калектыве мужчын Таццяна Пятроўна, як кажа, не губляецца: даўно знайшла падыход да моцнай паловы чалавецтва. Свой трактар за гады працы ўспрымае, як жывую істоту, ставіцца да яго з вялікай пашанай.

І заўжды - шырока ўсміхаецца. Бо любую справу, як лічыць субяседніца, трэба рабіць з выдатным настроем. Толькі тады яна ладзіцца і можна дасягнуць добрага выніку.

Таццяна Пятроўна - яшчэ і выдатная гаспадыня. Нягледзячы на занятасць яе і мужа (таксама работніка сельгаспрадпрыемства) - трымае вялікую гаспадарку, з радасцю чакае ў госці дзяцей і ўнукаў.

- Таццяна Шапялевіч - сёмая па ліку жанчына-трактарыстка ´Гіганта´, - расказвае ветэран працы, колішні намеснік старшыні праўлення СВК Мікалай Аляксандравіч Сакун. - Акрамя яе ды Клаўдзіі Уладзіміраўны Бабковай у гэтай нялёгкай прафесіі ў розныя гады працавалі Ніна Яўгенаўна Цэд, Любоў Піліпаўна Гарэлік (уладальніца ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Працоўнай Славы 3-й ступені), Таццяна Аляксандраўна Бабкова, Ала Рыгораўна Шапялевіч (жыве ў Малых Бортніках) і Галіна Леанідаўна Цэд (жыхарка Малых Бортнікаў).

Быць трактарыстам у сельгасвытворчасці - і ўвогуле нялёгкая праца, для жанчыны - тым болей. Таму ўсе з іх, хто ўсклалі на сябе такі абавязак, заслугоўваюць асаблівай падзякі і пашаны.

Клаўдзіі Уладзіміраўне Бабковай з Вялікіх Бортнікаў хутка 87 год, хоць на свой узрост яна ніколькі не выглядае. За плячыма жанчыны - галоднае і халоднае ваеннае маленства, ад якога застаўся на памяць фотаздымак, зроблены нямецкім салдатам, які любіў дасылаць жонцы ў Нямеччыну пабачанае навокал, ды пяшчота бацькоўскіх рук, які, перш чым назаўжды схавацца за ´гарушкай´ Рагачоўскай шашы (пайшоў абараняць Радзіму), да вясковай ваколіцы нёс яе, маленькую, на руках.

За плячыма - складанае пасляваеннае аднаўленне краіны. Зарабляць грошы - працаваць у ´малочнай´ дзяўчынка пайшла ў 12 год. Пазней мыла посуд у мясцовай сталоўцы, была за свінарку, у агароднай брыгадзе. А аднойчы, падчас калгаснага сходу, на якім ішла размова пра неабходнасць узмацнення механізацыі сельгаспрадпрыемства, падумала - чаму б не пайсці ў трактарысты?

- Ноч не спала, перш чым прыняць такое рашэнне, - смеючыся, кажа субяседніца. - І ўсё ж закладзеныя ў характар якасці: актыўнасць, баявітасць, цікаўнасць да новага і гатоўнасць да жыццёвых змен перамаглі. Прайшла адпаведныя курсы. Каб увайсці ў курс справы, на працягу двух год выдавала запчасткі на мехдвары, прыглядалася да рамонтных работ, а пасля і дапамагала з імі.

Першы трактар, які Клаўдзіі Уладзіміраўне даручылі, быў новенькім, але без кабіны. Працаваць на ім у маразы ці завею было сапраўдным выпрабаваннем. Куталася ў ватнюю адзежу, як магла, але і гэта не ратавала ад холаду. Праз два гады перасела на іншы трактар, ужо з кабінай, праўда, апошнюю ўдасканальвала сама са спісанага ў гаспадарцы транспарту. Маючы тэхнічны склад розуму, жанчына прыдумала і з дапамогай калгаснага зваршчыка змайстравала надзейнае прычапное. Авалодала майстэрствам не толькі вадзіць жалезнага каня, але і яго рамантаваць, лепш за іншых калег-мужчын магла вырашыць сітуацыю з патрапленым у яму колам. Трактарысткай Клаўдзія Уладзіміраўна адпрацавала без малога 20 год. Дома пры гэтым трымала вялікую гаспадарку.

Нежаночая справа ў жаночых руках.

Таленавіты чалавек - таленавіты ва ўсім. Гэта пра гераіню аповеду. Працуючы на трактары, нават у гарачыя поры сяўбы і жніва Клаўдзія Бабкова старалася не прапусціць рэпетыцыі мясцовага хору. З калектывам самадзейных артыстаў пабыла не толькі шмат дзе ў Расіі, але і ў Польшчы, Чэхаславакіі. А яшчэ яна выдатная рукадзельніца. Нягледзячы што перамяшчаецца ў вазку, ні дня не сядзіць без справы. Працяглы час займалася вышыўкай карцін, якіх у сям´і цэлая калекцыя. Цяпер жа прыдумвае і ўвасабляе ў малюнкі арнаменты з кветак і раслін Беларусі, роднай сэрцу Бабруйшчыны, якую бязмежна любіць, развіццю якой прысвяціла ўсё сваё працоўнае жыццё.