
иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Для гэтага неабавязкова замаўляць квіток да доктара загадзя, як гэта звычайна бывае ў гарадской паліклініцы. Вяскоўцы на прыём прыходзяць у дзень, калі ўзнікла ў тым патрэба. Чаргі нават падчас пад´ёму вірусных інфекцый тут імкнуцца не дапускаць. 30 хвілін - найбольшае, што праводзяць жыхары аграгарадка і навакольных вёсак у чаканні прыёму.
- Нашы пацыенты пераважна пенсійнага ўзросту, - кажа загадчык і адначасова ўрач агульнай практыкі Ленінскай амбулаторыі Вольга Аляшкевіч, - але ёсць людзі працаздольнага ўзросту, дзеці. Да доктара звяртаюцца і падчас ´вострых´ сітуацый, і каб атрымаць рэцэпт для лячэння хранічных захворванняў, каб папярэдзіць хваробу - зрабіць прышчэпку, засцерагчыся ад сезонных вірусаў.
І хоць цяперашняя пара, як заўважыла Вольга Аляксандраўна, - якраз дэманструе рост рэспіраторных хвароб, у тым ліку сярод дзяцей, - з наведвальнікаў ля апоўдня ў светлым, прасторным калідоры пабудовы застаем усяго аднаго чалавека. Шматдзетная маці прыйшла на кансультацыю. Пра сезонны вірус, як запэўніла жанчына, яна асабліва не хвалюецца: і сама, і дзеці штогод атрымліваюць прышчэпкі ад грыпу.
- І гэта абаснавана, - кажа Вольга Аляшкевіч. - Практыка маёй работы паказала, што прывітыя людзі калі і хварэюць, то нашмат радзей, у лёгкай форме і без ускладненняў.
Ды і ўвогуле ўрач катэгарычны ў тым, што людзі павінны больш адказна ставіцца да ўласнага здароўя, клапаціцца пра яго самі: не чакаць, калі нешта стане турбаваць, не рэагаваць адмоўна на неабходнасць прайсці дыспансерызацыю, а спаўна карыстацца такой магчымасцю, каб папярэдзіць тую ці іншую сур´ёзную хваробу. Як прыклад, па выніках праведзенай у мінулым годзе дыспансерызацыі ў дваіх жыхароў працаздольнага ўзросту ўдалося выявіць анкалогію на ранняй стадыі і тэрмінова прыступіць да лячэння. Тое ж самае, па словах Вольгі Аляксандраўны, датычыцца паводзін на прыёме ў доктара: важна не замоўчваць, а агучваць усе, нават, здавалася б, нязначныя змены ў стане здароўя.
У цэлым жа ўрач агульнай практыкі на сяле - гэта і тэрапеўт, і лор, і акуліст, і неўролаг, і хірург. У амбулаторыі можна атрымаць мінімальнае абследаванне (урач выслухае пацыента, праслухае, зробіць ЭКГ, вымерае ціск, у тым ліку ўнутрызрокавы, рост і вагу) і любую мінімальную дапамогу. Для гэтага, акрамя загадчыка, у калектыве ёсць памочнік урача агульнай практыкі, медыцынская сястра, акушэрка, зубны фельчар.
З заканчэннем прыёму ў амбулаторыі работа сельскіх медыкаў не спыняецца. Пасля 12-й гадзіны яны накіроўваюцца да пацыентаў па выкліках на дом - для гэтага ў распараджэнні маецца аўтамабіль, а таксама наведваюць катэгараваныя групы насельніцтва ў адпаведнасці з распрацаваным планам, да прыкладу, немаўлят.
Пабудова амбулаторыі - сапраўднае ўпрыгожанне аграгарадка. Дагледжаная, прасторная і светлая ўнутры, яна такая ж добраўпарадкаваная звонку. Летась і ўвогуле абнавілася - за кошт бюджэтных сродкаў замянілі на новыя вокны, што дадало лоску.
Са станоўчага Вольга Аляшкевіч называе з´яўленне электронных рэцэптаў. Апошняе дазваляе вяскоўцам з хранічнымі захворваннямі не з´яўляцца штомесяца на прыём для выпіскі рэцэпту. Дастаткова патэлефанаваць урачу амбулаторыі і з´явіцца ў аптэку са спецыяльнай карткай.
Вольга Аляшкевіч

Медсястра Марына Рудзянок


Памочнiк урача Аксана Смалякова

