иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
´Непатрэбных людзей няма - клапоцімся пра кожнага чалавека´, - кажа мая субяседніца Галіна Галацэвіч, загадчыца аддзела комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бабруйскага раёна. - А крызісных сітуацый, у якіх чалавеку патрабуецца падтрымка, па словах спецыяліста, дастаткова шмат.
Гэта і хатняе насілле, і вяртанне чалавека з месцаў пазбаўлення волі, і сацыяльная неблаганадзейнасць сям´і, адсутнасць у чалавека працы і г. д. Кожная з сітуацый патрабуе вывучэння і рэагавання. З нашага непасрэдна боку - гэта, як правіла, кансультацыйная і псіхалагічная, гуманітарная дапамога, таксама на базе Цэнтра дзейнічае антыкрызісны пакой, дастаткова запатрабаваны і наш пункт пракату сродкаў рэабілітацыі´.
Як трапляюць людзі, якім патрабуецца дапамога, у поле зроку сацыяльнай службы? Па словах Галіны Міхайлаўны, далёка не ўсе шукаюць рады самі. Але работа службы выбудавана такім чынам, каб ніхто не застаўся ў складаным становішчы сам насам.
- Праводзім абследаванні катэгарыраваных грамадзян, цесна ўзаемадзейнічаем у гэтым плане з раённым аддзелам унутраных спраў, з установамі адукацыі, аховы здароўя, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Ды і самі людзі звяртаюцца - нумары тэлефонаў распаўсюджваем і пасродкам улётак падчас абследаванняў домаўладанняў, пакідаем у грамадскіх месцах, праз інтэрнэт. Многія прыходзяць па сродкі тэхнічнай рэабілітацыі: вазкі, хадункі, кастылі ды іншае неабходнае для паляпшэння якасці жыцця інвалідаў. Некаторыя атрымоўваюць адрасную ці аднаразовую грашовую дапамогу. Шматдзетныя - гуманітарную. Адзінокім малазабяспечаным грамадзянам здараецца дапамагаць з рамонтам пячнога ацяплення, электраправодкі. Беспрацоўным, сацыяльным сіротам - з працаўладкаваннем, з жыллём, - пералічвае спосабы падтрымкі вяскоўцаў у складанай жыццёвай сітуацыі Галіна Галацэвіч.
У раённым Цэнтры сацабслугоўвання мая субяседніца - па спецыяльнасці настаўнік-матэматык - працуе без малога 23 гады, літаральна ад пачатку функцыянавання ўстановы. Не спыніла працоўных абавязкаў і пасля выхаду на заслужаны адпачынак - атрыманы за гады прафесійны досвед здольны прынесці карысць у крызіснай сітуацыі яшчэ не аднаму жыхару раёна. А людзей, якім патрабуецца дапамога, па меркаванні спецыяліста, з цягам часу меней не становіцца, хутчэй наадварот.
Па характары Галіна Міхайлаўна - аптыміст і вялікі аматар падарожжаў. Вельмі любіць адпачынак на марскім узбярэжжы, пры гэтым з няменшай асалодай завіхаецца на дачы ў Клічаўскім раёне, адкуль родам. Напярэдадні прафесійнага свята яна жадае і калегам, і ўсім работнікам сацыяльнай абароны Прыбярэзінскага краю здароўя, стваральнай працы і мірнага неба над галавой. Тым жа, хто трапіць у крызісную сітуацыю, - не баяцца звяртацца ў раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе выключна ўсе работнікі - людзі вялікай душы і дзе абавязкова знойдуць спосаб падтрымаць, падказаць, дапамагчы.
Трыбуна працы