Аляксандр КАЎРАНІН: ´Трымаем курс на развіццё´.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Сёння - Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны. Для Бабруйскага раёна - адно з найбольш значных святаў, бо аснову вытворчасці тут складаюць арганізацыі менавіта сельскагаспадарчага накірунку, у аграпрамысловым комплексе занята пераважная частка сельскіх жыхароў Прыбярэзінскага краю.

Ад вынікаў дзейнасці раённага АПК залежыць дабрабыт вялікай колькасці людзей і сем´яў, таму любое станоўчае дасягненне ў галіне - яшчэ адзін крок да гэтага. З улікам таго што прафесійнае свята работнікі АПК адзначаюць у пару, калі сельскагаспадарчы год у асноўным завершаны, а значыць - можна гаварыць пра яго вынікі, пацікавіцца апошнім мы вырашылі ў першага намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкама-начальніка райсельгасхарча Аляксандра Каўраніна.

- Аляксандр Мікалаевіч, як у цэлым спрацаваў раённы АПК за перыяд з пачатку года?

- За студзень-верасень выручка раённых гаспадарак ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі склала 101,7% да аналагічнага перыяду 2023 года. На аднаго працаўніка атрымана выручкі з тэмпам росту 107,9%. Калі гаварыць пра жывёлагадоўлю, то тэмп росту вытворчасці малака за 10 месяцаў склаў 101,9% да адпаведнага перыяду папярэдняга года. Па прадукцыйнасці дойнага статка мы на шостым месцы сярод раёнаў Магілёўшчыны.

Нядрэнна спрацавалі ў раслінаводстве. На 1 лістапада валавы збор збожжавых і зернебабовых разам з кукурузай на зерне склаў 100,7% да 2023 года пры сярэдняй ураджайнасці 28,6 ц/га. Бульбы атрымана амаль 13 тысяч тон пры ўраджайнасці 305 ц/га.

- Напэўна, ёсць сельгасарганізацыі, дасягненні якіх хацелі б вылучыць асобна?

- Ужо каторы год лідарам па вытворчасці і надоях малака на адну карову з´яўляецца філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´. За 10 месяцаў бягучага года калектыў атрымаў звыш 9982 тон малака або 103,8% да 2023 года, павялічыўшы мінулагодні аб´ём на 368 тон. Найбольшы паказчык утрымлівае гаспадарка і па ўдоях малака на карову - 6628 кг, што на 202 кг болей за адпаведны перыяд 2023 года.

Адным з лідараў у малочным накірунку галіны з´яўляецца філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік-АграСэрвіс´. Прыкметны тэмп росту вытворчасці дасягнуты ў ´Міхалёўскай Ніве´ і ´Неўскім-Агра´. У раслінаводстве са станоўчага боку трэба адзначыць СВК ´Гігант´ - разам з кукурузай тут атрымана 13 624 тоны зерня або 129,8% да 2023 года. Дасягнута найвышэйшая ў раёне ўраджайнасць збажыны і зернебабовых - 64,5 ц/га, за што гаспадарка прызнана пераможцам раённага спаборніцтва па выніках жніва. Другі па велічыні паказчык вытворчасці зерня - у ААТ ´Неўскі-Агра´. Дзякуючы гэтым і іншым сельгасарганізацыям раён упэўнена нарошчвае аб´ёмы вытворчасці прадукцыі, павялічвае аб´ёмы яе рэалізацыі. Разам з прадпрыемствамі-

перапрацоўшчыкамі сельскагаспадарчай прадукцыі забяспечвае краіну неабходным каштоўным харчам.

- Нядаўна ў раёне ўвялі ў эксплуатацыю новы малочна-таварны комплекс на 600 галоў дойнага статка. Якія планы звязваеце з ім?

- Нашы планы - далей развівацца: павялічваць пагалоўе жывёлы, удасканальваць тэхналогіі вырошчвання і даення, нарошчваць аб´ёмы прадукцыі. Зрэшты, увядзенне ў эксплуатацыю малочна-таварнага комплекса на 600 галоў дойнага статка ў філіяле ´Харчавік-Агра´ дазволіць да часу выйсці на праектную магутнасць у 2026 годзе павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 33,8% да ўзроўню 2023 года, у тым ліку пагалоўе кароў у 2 разы. Вытворчасць і рэалізацыю малака плануем павялічыць больш чым у 2 разы да ўзроўню 2023 года. Будуць створаны новыя працоўныя месцы. Прычым, да канца сёлетняга года збіраемся ўвесці ў эксплуатацыю такі ж аб´ект у ААТ ´Міхалёўская Ніва´, а ў наступным годзе - і ў філіяле ´Варатынь´ на 800 галоў дойнага статка. Так што крочым толькі наперад.

- На паверхні апошнім часам кадравае пытанне. Ці датычыцца праблема дэфіцыту работнікоў раённага АПК? Калі так, то як вырашаеце яе?

- Як і ў цэлым па краіне, праблема такая ў нас маецца, над яе вырашэннем пастаянна працуем. Сельгасарганізацыі гатовы прыняць у штат, у залежнасці ад патрэбы, добрасумленных работнікаў рознага профілю: ад ветурачоў да механізатараў, аператараў машыннага даення. У гарачую пару корманарыхтоўкі, жніва асобныя прыцягваюць да работы працаўнікоў з гарадскіх прадпрыемстваў, прыватнікаў. І, вядома ж, вялікую стаўку робім на маладых спецыялістаў - іх у галіне больш за 80 чалавек. Ствараем моладзі камфортныя ўмовы працы і быту, даем магчымасць зарабіць. Трымаем на кантролі пытанні, якія ўзнікаюць у маладых спецыялістаў. Дзеля гэтага пастаянна праводзяцца сустрэчы юнакоў і дзяўчат са старшынёй райвыканкама, начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў, дзе яны напрамую могуць задаць хвалюючае пытанне, ды і ёсць шэраг іншых спосабаў узаемадзеяння з кіраўніцтвам раёна, райсельгасхарчам. Ведаючы, што для маладых людзей немалаважным з´яўляецца цікавае баўленне вольнага часу, наладжваем паездкі ў знакамітыя месцы краіны, заахвочваем моладзь да ўдзелу ў турзлётах, іншых усемагчымых раённых мерапрыемствах. На карысць у гэтым плане і геаграфічнае становішча раёна - блізкасць да вялікага горада.

- Аляксандр Мікалаевіч, у сувязі з прафесійным святам, што б хацелі пажадаць работнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны?

- Моцнага здароўя і плённай працы. Памятаць, што наш дабрабыт - у нашых руках, бо ад нас саміх, нашых адносінаў да абавязкаў залежаць вынікі работы, заробак, якасць жыцця, дабрабыт раёна і краіны.

Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.