иcтoчник: www.tribunapracy.by
Урачыстасць з нагоды Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны, які ў краіне святкуюць у трэцюю нядзелю лістапада, прайшла сёння ў раённым Цэнтры культуры.
Віншуючы з прафесійным святам калектывы і працаўнікоў, чые вынікі на асноўных сельскагаспадарчых кампаніях прызнаны найбольш высокімі, першы намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Каўранін засяродзіў увагу прысутных на значнасці падзеі і таго ўнёску, які зрабілі аграрыі Бабруйшчыны ў дабрабыт раёна і краіны.
- Нам сёлета ёсць чым ганарыцца: атрыманы добры ўраджай зерня, дасягнуты адпаведныя крокі ў вырошчванні іншых раслін, стабільна фукцыянуе жывёлагадоўля, уводзяцца ў эксплуатацыю новыя малочна-таварныя комплексы, што, без сумнення, будзе садзейнічаць павелічэнню вытворчасці ў галіне, - адзначыў Аляксандр Каўранін.
Падзякаваўшы за працу вяскоўцам і тым, хто, жывучы ў горадзе, працуе ў раённых сельгасарганізацыях, у тым ліку прадпрыемствах, якія забяспечваюць бесперабойнае функцыянаванне галіны, а таксама перапрацоўшчыкам сельгаспрадукцыі, першы намеснік старшыні райвыканкама пажадаў усім моцнага здароўя, шчасця ў сем´ях, дабрабыту і дасягнення новых працоўных вышынь. Уручыў сельгасарганізацыям - пераможцам раённага спаборніцтва на веснавых палявых работах, нарыхтоўцы корму, жніве, на восеньскай сяўбе і падняцці зябліва ўзнагароды і прэміі. За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне працоўных абавязкаў і дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце ўдзячнасцямі райвыканкама адзначыў працаўнікоў філіяла ´Бабруйскі´ ААТ ´Бабуліна-крынка´-кіруючая кампанія холдынга ´Магілёўская малочная кампанія ´Бабуліна крынка´, галоўных спецыялістаў і механізатараў гаспадарак, якія па выніках працоўнага спаборніцтва занялі прызавыя месцы.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Максім Ганжураў у сувязі са святам за выніковую працу ўдастоіў узнагарод Бабруйскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу загадчыкаў і працаўнікоў малочна-таварных ферм, актывістаў прафсаюзнага руху.
Традыцыйна не пакінулі без падарункаў удзельнікаў урачыстасці работнікі культуры і выхаванцы раённага Цэнтра творчасці. Цудоўныя нумары ў іх выкананні прынеслі працаўнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны незабыўныя хвіліны адпачынку.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.