иcтoчник: www.tribunapracy.by
Работнікі аддзелаў Бабруйскага райвыканкама, працаўнікі раённых арганізацый сёння дружна выйшлі на поле ТАА ´ВЕОМ´ паблізу Кісялевічаў, каб дапамагчы таварыству з уборкай капусты.
- Праца на ўборцы капусты ў асноўным ручная. Каб гэты працэс ішоў зладжана, патрабуецца масавасць людзей. Апошніх не так шмат, таму на ўзроўні райвыканкама было вырашана арганізавацца і аказаць дапамогу гаспадарцы ў зборы ўраджаю, тым болей што цяпер найбольш аптымальны для гэтага час. Ды і дзень сёння сухі, сонечны - якраз у такі і трэба ўбіраць капусту, - кажа начальнік вытворча-эканамічнага аддзела райсельгасхарча Віктар Садоўскі, які таксама прыняў удзел ва ўборцы.
Лагоднае восеньскае сонейка, праца ў гурце і на прыродзе, па словах памагатых, - залог выдатнага самаадчування.
Юлія Сідарэнка, старшы інспектар вытворча-эканамічнага аддзела райсельгасхарча:
- Праца для мяне незнаёмая, але ж нічога складанага ў ёй няма. Тым болей, што нам даходна патлумачылі, як правільна зрэзаць качан, каб не пашкодзіць, як яго ачысціць, якіх ён павінен быць памераў і абавязкова - якасны. Працуем дружна. Упэўнена, што наша дапамога ў выніку будзе прыкметнай.
Юлія Гук, сакратар камісіі па каардынацыі работы па садзеянні занятасці насельніцтва раёна:
- Працаваць на полі падабаецца - настрой цудоўны, дыхаем свежым паветрам. Радуе выдатнае сонечнае надвор´е. Радуе добры ўраджай - качаны адзін у адзін прыгожыя. Радуе, што на працягу года будзем з каштоўнай садавінай, якая на стале асабіста ў мяне вельмі частая.
Алена Лаўрыненка, галоўны спецыяліст вытворча-эканамічнага аддзела райсельгасхарча:
- Прыехалі дапамагчы практычна поўным складам упраўлення. Працаваць асабіста мне вельмі цікава. Бачыш вынікі вырошчвання расліны і тое, як даводзіцца яе ўбіраць. Бачыш, як ажыццяўляецца закладка стабфонду, якая агародніна туды трапляе, таму што ў далейшым мы ўсе з´яўляемся спажыўцамі капусты - баршчавы набор ніхто не адмяняў (усміхаецца).
Непасрэдна на полі засталі і дырэктара ТАА ´ВЕОМ´ Васіля Бурачэўскага, які разам з намеснікам паказваў і расказваў памагатым, як правільна абыходзіцца з качанамі, каб іх не пашкодзіць.
- Капусты ў нас сёлета 10 гектараў, - расказаў Васіль Мікалаевіч. На ўборцы традыцыйна працуюць гараджане, часцей пенсійнага ўзросту. Але гэтых сіл недастаткова, тым болей, што час цяпер адказны: разам з іншым вядзем закладку стабфонда на міжсезонны перыяд. Таму ўдзячныя за любую дапамогу.