иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Пачаўся сезон сельгаскірмашоў - выдатная магчымасць для гараджан набыць карысную і па недарагой цане садавіну і агародніну непасрэдна ад вытворцаў. Асаблівую цікаўнасць выклікае бульба, без якой беларусу не абыйсціся - нездарма ж клубні многія называюць ´другім хлебам´. Да выбару бульбы пакупнікі падыходзяць узважана і грунтоўна - каб і з выгляду задавольвала, і смакавыя якасці былі высокія.
Усім гэтым патрабаванням як найлепш адпавядае прадукцыя СВК ´Гігант´ Бабруйскага раёна, якую гаспадарка рэалізуе ў тым ліку на сельскагаспадарчых кірмашах.
Вытворчасцю клубняў у СВК займаюцца не адно дзесяцігоддзе. З улікам таго, што расліна - адна са стратэгічных для сельгаскааператыва, падыход да яе вырошчвання і захоўвання выключна тэхналагічны. Харчовай бульбы ў гаспадарцы атрымалі звыш 7 тысяч тон і цяпер вядуць яе актыўную падрыхтоўку да продажу.
- Патрабаванні да харчовай бульбы ў нас, як заўжды, надзвычай высокія, - расказвае загадчык бульбасховішча Дзмітрый Шапялевіч. - У гэтыя дні вядзем затарку ў сеткі для рэалізацыі, таму клубні дадаткова адсартоўваем, сочым, каб яны адпавядалі калібру, каб былі не пашкоджаныя, без провалачніка.
Што да гатункаў бульбы, то іх у ´Гіганце´ два: ´Каралева Ганна´ і ´Брыз´. І той і другі, па словах субяседніка, адпавядае высокім смакавым якасцям і добра захоўваецца. Розніца - у форме клубняў. ´Каралева Ганна´ мае больш плоскую і выцягнутую, ´Брыз´ - авальную, выпуклую. ´Людзі бяруць і тую і другую, на свой густ, а мы стараемся ўсіх задаволіць´, - кажа Дзмітрый Шапялевіч.
Якасцю бульбы, якую рэалізуе, хваліцца і прадавец магазіна ў Вялікіх Бортніках, што належыць СВК ´Гігант´, Марына Осіпава. ´Пакупнікоў на сёлетні ўраджай клубняў удосталь, - кажа яна. - І гэта зразумела: бульба не толькі прыгожая з выгляду, але і смачная. Сама з задавальненнем гатую´.
Набыць бульбу ад СВК ´Гігант´ можна на сельскагаспадарчых кірмашах у Бабруйску (вул. М. Горкага, 41) і Магілёве (вул. Златавустаўскага, 1), якія адбудуцца 26 і 27 кастрычніка, а таксама 2 і 3 лістапада. Пачатак сельгаскірмашоў а 10-й гадзіне.