иcтoчник: www.tribunapracy.by
Адзіны дзень прыёму грамадзян дэпутатамі ўсіх узроўняў прайшоў сёння ў Бабруйскім раёне.
У Гарбацэвіцкі сельвыканкам на сустрэчу з мясцовымі жыхарамі прыехалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Антон Каранкевіч і старшыня Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Старавойтава. Разам з народнымі абраннікамі Гарбацэвіцкага сельскага Савета дэпутатаў яны абмеркавалі надзённыя пытанні і спосабы іх вырашэння.
Антон Каранкевіч асаблівы акцэнт зрабіў на пытаннях арганізацыі навучальнага працэсу ў мясцовай школе. Пацікавіўся, у прыватнасці, кадравай забяспечанасцю ўстановы, работай з сем´ямі, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, наяўнасцю праблем, звязаных з падвозам дзяцей з іншых населеных пунктаў. У дачыненні апошняга дырэктар Гарбацэвіцкай школы Таццяна Гацук патлумачыла, што нявырашаных пытанняў няма. Кадрамі ўстанова забяспечана на 100 працэнтаў, работа з дзецьмі і іх бацькамі вядзецца па ўсіх накірунках, падвоз ажыццяўляецца хоць і не школьным аўтобусам, а пасродкам грамадскага транспарту - адшліфаваны, нараканняў не выклікае.
Жыхары Глушы звярнуліся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў з просьбай пасадзейнічаць ва ўсталяванні прыбораў кантролю хуткасці на ўездзе і выездзе з пасёлка. Праз населены пункт праходзіць шаша з інтэнсіўным рухам аўтатранспарту, у тым ліку аўтацягнікоў, якія не заўжды рэагуюць на дарожныя знакі абмежавання хуткасці, што выклікае пагрозу для бяспекі школьнікаў, многім з якіх даводзіцца пераходзіць небяспечную дарогу. Таксама ў бок дэпутата паступіла просьба вывучыць пытанне размяшчэння ў пасёлку аўтазапраўкі. ´Пытанне гэтае для глушанцаў і жыхароў навакольных вёсак сапраўды актуальнае, - адзначыла старшыня сельсавета Таццяна Плоская. - Апошнім часам многія людзі сталі перамяшчацца на мапедах, матаблоках, не кажучы пра аўтамабілістаў. Між тым да бліжэйшай аўтазапраўкі, дзе можна набыць паліва, - 25 кіламетраў´.
... Пасля непасрэдна прыёму градзян Антон Каранкевіч наведаў сярэднія школы Гарбацэвічаў і Глушы, пацікавіўся праведзенымі там рамонтамі, умовамі, створанымі для заняткаў спорту - да навучальнага года ў Глушанскай СШ абсталявалі пляцоўку з сучаснымі спартыўнымі трэнажорамі.
Пытанні, якія ў гэты дзень паступілі, дэпутаты ўзялі на кантроль.