иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Зусім хутка на землях ААТ ´Міхалёўская Ніва´ з´явіцца сучасны малочна-таварны комплекс на 600 галоў дойнага статка. У складзе комплекса - два кароўнікі, малочная зала, радзільнае аддзяленне, прафілакторый для маленькіх цялят і шэраг больш дробных аб´ектаў, неабходных для функцыявання МТК.
На гэты час гатоўнасць аб´екта складае прыкладна 60%, - расказаў прараб ААТ ´Міхалёўская Ніва´ Аляксандр Красімаў. - Праводзіцца мантаж абсталявання даільна-малочнага блока. Кароўнікі практычна гатовыя: заліты бетон, маецца накрыццё, пачынаецца мантаж стойлавага абсталявання. Асноўны акцэнт непасрэдна ў бягучыя дні робіцца на ўзвядзенні памяшкання пад радзільнае аддзяленне. Яно зманціравана, бетонныя работы практычна цалкам выкананы. Усталёўваем стойлавае абсталяванне ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Таксама вядзецца набыццё матэрыялаў для працягу будаўнічых работ, у прыватнасці, камплектуючых для прафілакторыя, для будаўніцтва сіласных траншэй (іх запланавана чатыры), вагавога абсталявання.
Адначасова, як паведаміў Аляксандр Васільевіч, падвозіцца грунт для добраўпарадкавання тэрыторыі комплекса. Аб´ёмы работ у гэтым накірунку немалыя: бетанаванне дарогі, праездаў, пад´ездаў, усталяванне агароджы ды іншае.
Графік на будоўлі напружаны. Работы вядуцца шэсць дзён на тыдзень, з 8 да 19 гадзін. З фінансаваннем аб´екта пытанняў няма. Праблемным з´яўляецца хіба што дэфіцыт рабочых кадраў, у асаблівасці вузкіх спецыялізацый, такіх як каменшчык, зваршчык, інш. Для бесперабойнасці работ і нарошчвання тэмпаў будаўніцтва субпадрадная арганізацыя, якой з´яўляецца Бабруйскі МДБК (генпадрадчык ´Магілёўаблсельбуд´), заключыла дамовы на выкананне работ таксама і з работнікамі з Непала. Працуюць замежнікі, па словах прараба, зладжана і якасна, сур´ёзна ставяцца да патрабаванняў аховы працы.
З улікам таго, што здача ў эксплуатацыю малочна-таварнага комплекса запланавана на канец верасня-пачатак кастрычніка, падрадчык прадпрымае ўсемагчымыя захады па нарошчванні тэмпаў будаўніцтва. У сваю чаргу заказчык няспынна кантралюе ход работ.