иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Увага да перадавікоў-´тысячнікаў´ на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін на Бабруйшчыне не змяншаецца, нягледзячы што іх колькасць дзень ад дня расце. Пашану да людзей, якія выконваюць даручаныя абавязкі добрасумленна, з разуменнем важкасці пастаўленых задач, у раёне лічаць за святы абавязак, бо за гэтым стаіць дабрабыт не проста асобна ўзятых працаўнікоў і калектываў, а харчовая і эканамічная бяспека ўсёй краіны.
Учора з прыемнай місіяй - уручыць лісты падзякі за высокія вытворчыя паказчыкі, падарункі ад раённай прафсаюзнай галіновай арганізацыі і выказаць шчырыя словы прызнанняў за плённую працу экіпажам двух зернеўборачных камбайнаў СВК ´Гігант´: братам Мікалаю і Сяргею Зубам, а таксама Алегу Лузанаву і Юрыю Антоненку, на рахунку якіх з´явілася тысяча тон намалочанага зерня, у поле ля вёскі Пустошка прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік райсельгасхарча Аляксандр Каўранін, старшыня раённага аб´яднання прафсаюзаў Віталь Сідзюк, прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК на чале з лідарам арганізацыі Максімам Ганжуравым і кіраўніцтва ´Гіганта´.
Усе яны падзякавалі хлебаробам за плённую працу, пажадалі моцнага здароўя, выдатнай работы тэхнікі і новых працоўных дасягненняў. Аляксандр Каўранін пры гэтым заўважыў, што ўборка збажыны ў раёне на фінішнай прамой.
- У асобных нашых сельгасарганізацыях уборка хлябоў практычна завершана. На сённяшні дзень ужо стаіць задача - пачаць сяўбу азімага рапсу. Той жа СВК ´Гігант´ у гэтым накірунку ўжо працуе, іншыя гаспадаркі завяршаюць падрыхтоўчыя работы: агрэгатаванне сеялак, завозку насення, і сёння-заўтра актыўна ўключацца ў сяўбу, каб да 20 жніўня яе завяршыць. Такім чынам, уборка збажыны паступова адыходзіць на другі план, - адзначыў першы намеснік старшыні. Гаворачы пра папярэднія вынікі кампаніі, ён заўважыў, што рапс ужо паказаў большы намалот, чым у мінулым годзе, і ´спадзяемся, збажына таксама не падвядзе´.
Што датычыцца ´Гіганта´, на рахунку якога не адзін пераможца-´тысячнік´, то тут днямі завяршылі ўборку пшанічнай нівы і займаюцца ўборкай азімага трыцікале. На палях у гарачую ва ўсіх сэнсах пору - пяць уласных высокавытворчых камбайнаў і дзве адзінкі зернеўборачнай тэхнікі з іншых гаспадарак. Традыцыя атрымліваць стабільна высокія ўраджаі азімых каласавых калектывам не парушана і сёлета - пшаніца дала звыш 60 ц/га, ураджайнасць трыцікале на гэты час - 45 ц/га. Пры гэтым поўнай задаволенасці ад сёлетніх паказчыкаў у раслінаводстве старшыня праўлення СВК Васіль Жук не мае і ўжо бачыць патэнцыял для павелічэння ўраджайнасці ў наступным годзе. ´Старт у вырошчванні шэрагу раслін менавіта беларускай селекцыі быў нядрэнным. І мы, здавалася, улічылі ўсё, у тым ліку павысілі матывацыю людзей да атрымання максімальна высокіх ураджаеў. Але не ўлічылі адзін надзвычай значны фактар - біялагічную ахову раслін ва ўмовах сёлетняга надвор´я. У наступным годзе да гэтага падыдзем больш пільна, над памылкамі мы заўсёды сур´ёзна працуем - і дадатковых 15-18 цэнтнераў з гектара, што страцілі з-за хвароб у гэтым годзе, упэўнены, абавязкова атрымаем´, - падкрэсліў кіраўнік ´Гіганта´.