иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, а разам і эканамічнай яе трываласці - клопат, які найперш ляжыць на працаўніках сельскай гаспадаркі. Гэта яны ад раніцы да позняга вечара, не зважаючы на ўмовы надвор´я і пару года, шчыруюць на палях і фермах, каб у краіне быў хлеб і да хлеба.
У раслінаводстве галоўныя задачы - своечасова і якасна пасеяць культуры, своечасова і якасна сабраць ураджай. Апошнім якраз цяпер і займаюцца аграрнікі, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую хвіліну і кожную прапанову дапамагчы. Таму зусім не рэдкасць сустрэць у гэтую пару на калгасных палях тэхніку гарадскіх прадпрыемстваў.
Не першы год дапамагае раёну з перавозкай зерня ў жніво вадзіцель аўтобуснага парка №2 г. Бабруйска Вячаслаў Толак. І, як заўважае Вячаслаў Аркадзьевіч, ён гэтым ганарыцца.
- На прапанову паехаць дапамагчы сяльчанам адрэагаваў станоўча. Вёска і яе ўклад для мяне заўжды прыцягальныя: у вёсцы Такары сам нарадзіўся і да другога класа вучыўся, ды і практычна вырас у бабулі - праводзіў там усе канікулы. За 30 год працоўнага стажу дапамагаю сельгаспрадпрыемствам раёна, і непасрэдна ААТ ´Неўскі-Агра´, не ўпершыню. Вазіў і зерне, і цукровыя буракі. Да сяльчан стаўлюся з вялікай павагай - людзі простыя, шчырыя, працалюбівыя, - кажа Вячаслаў Аркадзьевіч.
Не пужае гарадскога памочніка і напружанасць працоўнага дня. Калі па асноўным месцы работы абавязкі Вячаслаў Толак выконваў у асноўным з 8 раніцы і да 5 вечара, то тут, у залежнасці ад надвор´я, здараецца вазіць зерне і да 21-й гадзіны. Дамоў прыязджаю ў 22 гадзіны. Жонка за гады звыклася з такім графікам ды і разумее сельскі ўклад.
Арганізацыяй работы на жніве субяседнік задаволены. Абеды і вячэры, па словах Вячаслава Аркадзьевіча, сытныя і смачныя.
Да слова, кіраўніцтва ААТ ´Неўскі-Агра´ гарадскімі памочнікамі таксама задаволена. ´Людзі працуюць адказна, з разуменнем пастаўленых задач´, - заўважыў дырэктар Міхаіл Стрыжэўскі.