иcтoчник: www.tribunapracy.by
Рэспубліканскі семінар на тэму ´Асаблівасці тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых раслін гатункаў айчыннай селекцыі´ прайшоў сёння на базе СВК ´Гігант´. Удзел у яго рабоце прынялі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, НАН Беларусі, рэспубліканскага аб´яднання ´Белнасенне´, Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін, Дзяржаўнай інспекцыі па выпрабаванні і ахове гатункаў раслін, камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты элітгаспадарак краіны.
Пасля азнаямлення з развіццём раслінаводчай галіны раёна і непасрэдна СВК ´Гігант´ (распавялі першы намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Каўранін і старшыня СВК ´Гігант´ Васіль Жук) удзельнікі семінара наведалі палі ´Гіганта´: насеннікаў мнагалетніх траў, а таксама азімых рапсу і трыцікале, перазалужвання мнагалетнікаў бульбяное поле. Заслухалі даклады галоўнага агранома гаспадаркі Уладзіміра Залужнага і намесніка старшыні Аляксандра Парахневіча пра асаблівасці вырошчвання, догляд дадзеных раслін.
- Задача, пастаўленая намі ў рамках семінара, - паглядзець на землях гаспадаркі, як сябе адчуваюць беларускія гатункі - насеннегадоўчыя пасевы, а таксама ў вырошчванні. Прычым, не на вопытных участках інстытута, сортавыпрабоўчай станцыі, а менавіта ў гаспадарках, якія гэтым маштабна займаюцца, у звычайных эканамічных умовах. Чаму для мерапрыемства выбралі ´Гігант´? Таму што гэта адно з вядучых сельгаспрадпрыемстваў краіны ў вобласці насенневодства. Традыцыі, вопыт, максімальнае выкананне тэхналогій дазваляюць атрымліваць тут якасны, запатрабаваны насенны матэрыял, - адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Мікалай Лешык.
Падчас плянарнага пасяджэння, якое прайшло ў СДК аг. Міхалёва, былі абмеркаваны праблемныя пытанні, звязаныя з нарыхтоўкай насення мнагалетнікаў. Увага ўдзельнікаў была засяроджана на павелічэнні долі гатункаў і гібрыдаў сельскагаспадарчых раслін айчыннай селекцыі ў агульных пасевах сельгаскультур у рэспубліцы, на сучасных іх гатунках, уключаных у Дзяржаўны рэестр, на навінках гатункаў беларускай селекцыі па збожжавых культурах, асаблівасцях тэхналогіі іх вырошчвання. Не абыйшлі тэму патанення кошту насення сельгаскультур. Абмяняліся меркаваннямі па звязаных з тэмай пытаннях, паставілі задачы на перспектыву.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.