У ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ заняты нарыхтоўкай сенажу.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Корманарыхтоўчая кампанія ў раёне працягваецца. Сёння ў нашым аб´ектыве - нарыхтоўка сенажу ў ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´, дзе карэспандэнты газеты пабылі ў чацвер.

Надвор´е апошніх дзён не скупілася на дажджы, таму не дзіўна, што побач з корманарыхтоўчай тэхнікай на нізіннай сенажаці паблізу в. Емяльянаў Мост для падстрахоўкі дзяжурыў і высокавытворчы трактар Беларус-3022. На запытанне, ці спатрэбіліся паслугі буксіра сёння, яго кіроўца Міхаіл Забродскі толькі павёў рукой - то тут, то там з-пад пакосаў выдаваліся свежыя сляды ўзрушанага чарназёму.

Між тым, парадак работ на сенажаці не быў парушаны. Раз за разам да кормаўборачных камбайнаў, якімі запраўлялі Уладзімір Аляшкевіч (КВК-800) і Дзмітрый Гаварушка (Палессе-УС), пад´язджала прызначаная для перавозкі правяленай травяной масы тэхніка, у асноўным трактары з прычэпамі. Гэтак жа рупліва перавозчыкі пакідалі сенажаць - дастаўлялі сакавіты ўраджай на тэрыторыю малочна-таварнай фермы Емяльянава Маста, дзе ў гэты дзень закладвалася сянажная траншэя.

- Гэта чацвёртая па ліку траншэя. Усяго ж сенажу для патрэб сельгаспрадпрыемства неабходна пакласці 17 з паловай тысяч тон і каля паўтары тысячы тон нарыхтаваць сена. Працуем пакуль з сенажом, заклалі 5860 тон ці трэць ад патрэбы. Пры магчымасці - адсутнасці дажджоў - возьмемся і за сена, - заўважыў галоўны аграном ´Агракамбіната Бабруйскі´ Сяргей Гаўрыленка.

Трава, па словах Сяргея Іванавіча, сёлета ўрадзіла, цяпер галоўная задача - яе своечасова ўбраць. Дзеля гэтага агракамбінат выкарыстоўвае таксама і дапамогу механізаванага атрада ´БНБК-АГРА Бабруйск´. У дзень нашага наведвання на сенажаці працавала некалькі адзінак іх тэхнікі.

Уладзімір Альховік

Міхаіл Забродскі

Мікалай Астаповіч

Сяргей Чабан

Пакосы на сенажаці пракладваў Міхаіл Лаўрыновіч. Тэхнікай для перавозкі кіравалі механізатары Мікалай Астаповіч, Уладзімір Альховік, Сяргей Чабан. Людзі ´Агракамбіната Бабруйскі´, як і кожны, хто задзейнічаны ў гэтыя дні на корманарыхтоўцы, усведамляюць важкасць сваіх задач і абавязкаў - вынікі жывёлагадоўлі наўпрост уплываюць на фінансавы стан сельгаспрадпрыемства і заробкі працаўнікоў. Гаспадарка ў сваю чаргу паклапацілася пра ўмовы працы земляробаў: тыя ж абеды на сенажаць дастаўляюцца своечасова, іх якасцю механізатары задаволены.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.