иcтoчник: www.tribunapracy.by

Раённы бацькоўскі сход на гэтую тэму, арганізаваны аддзелам па адукацыі і камісіяй па справах непаўналетніх Бабруйскага райвыканкама, прайшоў у раённым Цэнтры культуры. На сустрэчу з бацькамі-актывістамі ўстаноў адукацыі, законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх, чые дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, прыйшлі прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях, Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Бабруйскага наркалагічнага дыспансера.

Тэма бяспекі дзяцей тым болей актуальная, што на парозе - працяглыя летнія канікулы: многія школьнікі будуць заставацца дома адны. Як арганізаваць іх вольны час найболей карысна і бяспечна, якія меры прадпрыняць, каб доўгачаканы адпачынак не абярнуўся горыччу і непрыемнасцямі як для саміх непаўналетніх, так і іх сямей, - і давалі парады, рэкамендацыі прадстаўнікі зацікаўленых службаў.

У прыватнасці, увага прысутных была засяроджана на асноўных тэндэнцыях падлеткавай злачыннасці - пра гэта распавяла намеснік старшыні камісіі па СН Наталля Праташчык. Прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама расказалі пра небяспеку на дарозе і тое, як яе прадухіліць. Спыніліся на тэмах кіберзлачыннасці ў інтэрнэце, экстрэмізму ў маладзёжным асяродку і крымінальнай адказнасці за гэта, на тэме насілля ў сям´і. Асобна спыніліся на тэме распаўсюду і ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, пазнаёмілі з прыкметамі апошняга.

Увага дарослых была заакцэнтавана на тэме суіцыдальных паводзін непаўналетніх, бацькоў пазнаёмілі з прыкметамі гэтага і алгарытмам дзеянняў на выпадак дапамогі. Прадстаўнік гаррайаддзела па НС у мэтах папярэджання бяды, якую здольны прынесці пажар, заклікаў бацькоў у тым ліку не пакідаць без нагляду малалетніх дзяцей.

Напрыканцы сходу Вікторыя Шунько, метадыст Бабруйскага раённага метадычнага кабінета, давяла аб арганізацыі летняй занятасці школьнікаў. Работнікі раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра ўручылі бацькам буклеты з нумарамі тэлефонаў даверу на выпадак насілля ў сям´і.

Бяспека дзяцей - клопат дарослых. Бяспека дзяцей - клопат дарослых. Бяспека дзяцей - клопат дарослых.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Віктара ШЭЙКІНА.