У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ сеюць пшаніцу.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Гэтай ранняй яравой культуры на ўчарашнюю раніцу ў гаспадарцы было пасеяна 275 гектараў з 400 запланаваных. У панядзелак за сяўбой збажыны заспелі вопытнага механізатара, неаднаразовага пераможцу раённага спаборніцтва Валянціна Тарасевіча. Пасяўны агрэгат пад яго кіраваннем: трактар Беларус-3022 з сеялкай RABE шпарка бегаў па залітым сонцам полі непадалёк вёскі Узнога, пакідаючы за сабой невялікія клубы пылу. Там жа, на ўзбочыне поля, напагатове стаяла тэхніка з насеннем, запраўляў якой механізатар Андрэй Галавін.

Усяго на сяўбе ў ААТ ´Міхалёўская Ніва´ задзейнічана два пасяўныя агрэгаты. Другім кіруе майстар земляробчай справы Анатоль Кукабака. Акрамя пшаніцы, у гаспадарцы сеюць зернебабовыя расліны (пасеяна 92 га з 200 неабходных). Каб забяспечыць жывёлагадоўлю сакавітым і грубым кормам, ужо пасеялі 600 гектараў мнагалетняй травы, і гэта болей, чым планавалі.

- Веснавыя палявыя работы ідуць сваёй чаргой: сеем, рыхтуем глебу пад сяўбу, займаемся падкормкай азімых, - кажа дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Ігар Ганчароў. Акрамя ранняй ярыны, як ён адзначыў, будзе пасеяна 1100 гектараў кукурузы, у тым ліку 200 га - на зерне.

Значную ўвагу ў сельгасарганізацыі надаюць ворыўным работам - на гэтую пару ўзарана 1000 гектараў з неабходных 1500 га. Дадзеным відам работ займаюцца штодня. У панядзелак на трактары Атлес з ППО 8-40 ля населенага пункта Міхалёва-3 працаваў Мікалай Канавалаў.

Працягваецца ўнясенне ў глебу арганічных угнаенняў - унесена 45 з 53 тысяч тон, што вывезены на палі.

Што датычыцца веснавых доглядных мерапрыемстваў, то першую падкормку азімай збажыны і рапсу тут цалкам завяршылі і прыступілі да другой. Па апошніх дадзеных, падкормлена 300 гектараў. Усяго ж азімы клінок складае 2050 гектараў збажыны і 200 га рапсу.

У ´Міхалёўскай Ніве´ разумеюць - вынік веснавых палявых работ залежыць не толькі ад якасці насення і тэхналагічнасці працэсаў сяўбы, але арганізацыі спраў падчас пасяўной. Таму праблемным пытанням, якія здараюцца, своечасова знаходзяць вырашэнне, а клопат пра людзей ставяць на першае месца. З удзячнасцю ставяцца як да сваіх працаўнікоў, так і памагатых з ААТ ´БНБК-Агра Бабруйск´. Акцыянернае таварыства аказвае істотную дапамогу тэхнікай і людзьмі на ўнясенні менеральных угнаенняў і арганікі. Усё гэта дазваляе быць упэўненымі, што мэты і задачы веснавой кампаніі будуць дасягнуты своечасова.

У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ сеюць пшаніцу. У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ сеюць пшаніцу.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Віктара ШЭЙКІНА.