У жывёлагадоўлі падвялі вынікі работы за мінулы год.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Падведзены вынікі таго, як спрацаваў раён, а разам і сельскагаспадарчыя арганізацыі па вытворчасці малака і мяса буйной рагатай жывёлы ў 2023 годзе.

Па дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, валавая вытворчасць малака за студзень-снежань мінулага года ў цэлым па раёне павялічылася да 2022 года на 4,3% і склала 41 261,6 т. Калі аналізаваць у разрэзе гаспадарак, то рост вытворчасці дасягнуты ў СВК ´Гігант´ - 107,6%, ААТ ´Міхалёўская Ніва´ (117,5%), філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ (101,1%), ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ (113,7%) і ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ (102,7%).

Удой на адну карову за студзень-снежань 2023 года склаў 4854 кг, што на 245 кг болей за студзень-снежань 2022-га. Пры гэтым найбольшая прадуктыўнасць дойнага статка дасягнута ў філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ - 7792 кг (+83 кг). Другі па велічыні паказчык у СВК ´Гігант´- 6310 кг (+502 кг). Трэці - філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік-АграСэрвіс´ (6258 кг). Рэалізацыя малака за 2023 год у цэлым па раёне ўзрасла на 5,8% - да 37 850,3 т пры таварнасці малака 91,7%.

Вытворчасць (вырошчванне) БРЖ за мінулы год склала 4052,9 т або 112,1% да ўзроўню 2022 года. Сярэднесутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме за студзень-снежань склалі 636 г ці на 34 г болей, чым у 2022 годзе. Вышэй за 700 г прывагі атрыманы ў ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ - 758. Другі па велічыні паказчык прывагаў дасягнуты ў ААТ ´Міхалёўская Ніва´ - 656 г, трэці - у ААТ ´Неўскі-Агра´ (655 г).

Па дадзеных на 1 студзеня 2024 г., у раёне налічваецца 25 345 галоў буйной рагатай жывёлы або 100,5% да 1 студзеня 2023-га. Найбольшы прырост адзначаны ў ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ (+332 галавы). Малочны статак - 8531 галава (100,9% да 1 студзеня 2023 г.). Найбольшы прырост таксама ў ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ (+68 галоў).