З віншаваннямі - да 100-гадовай юбіляркі

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Стогадовы юбілей адзначыла ў першыя студзеньскія дні новага года жыхарка аграгарадка Цялуша Анастасія Арцёмаўна Шынкаронак. Павіншаваць шаноўнага ўзросту жанчыну - колішняга работніка калгаса імя Мічурына (цяпер філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік-АграСэрвіс´) з падарункамі прыехалі старшыня Бабруйскага раённага аб´яднання прафсаюзаў Віталь Сідзюк і лідар раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Надзея Дудаль. Далучыўся да віншаванняў і кіраўнік філіяла ´Харчавік-Агра´ Андрэй Шырко.

Нагода наведацца да імянінніцы яшчэ і тая, што з 3 да 15 студзеня ў краіне праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя ´Ад усёй душы´. Прафсаюзы ў гэтыя навагоднія і калядныя дні сваёй мэтай ставяць не пакінуць без увагі састарэлых людзей, якія сваёй плённай працай стваралі дабрабыт краіны.

Анастасія Арцёмаўна Шынкаронак - адна з тых, хто належыць да пакалення, на чый лёс выпалі нялёгкія гады аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Вясковая жанчына не цуралася ніякай цяжкай калгаснай працы, падымаючы пры гэтым пяцёра дзяцей, трымаючы вялікую хатнюю гаспадарку.

Родам гераіня аповеду з вёскі Азёры. У Цялушу, як згадвала, бацькі аддалі замуж, каб фашысты не пагналі на прымусовыя работы ў Германію - перавагу аддавалі моладзі не ў шлюбе. Не паспелі маладыя прызвычаіцца адзін да аднаго, як Аляксей Мінавіч пайшоў на вайну. Абараняючы Радзіму ад ворага, дайшоў амаль да Берліна. Патрапіць у сам горад беларускаму воіну не давялося: на подступах да яго, у адным з жорсткіх баёў быў паранены і ў выніку камісаваны.

Усё працоўнае жыццё юбіляркі прайшло на калгасных палях. Сеяць, палоць, збіраць ураджай - усяго гэтага зазнала Анастасія Арцёмаўна спаўна. Працавала заўжды на сумленне, каб і перад іншымі не пасаваць і зарабіць больш грошай, якіх сям´і патрабавалася нямала: падрасталі пяцёра дзяцей. Бацькоўскі клопат быў не толькі накарміць, адзець і абуць сыноў і дачок, але вывучыць, зладзіць вяселлі, провады ў войска, дапамагчы з унукамі. Таму хатнюю гаспадарку заўжды трымалі (не звяла яе Анастасія Арцёмаўна і пасля смерці мужа ў 2003 годзе) вялікую: карову, цяля, парсюкоў, па чарадзе гусей, качак, курэй. Не сядзелі склаўшы рукі і калі пайшлі на заслужаны адпачынак - шмат год з мужам збіралі малако ў насельніцтва. Цяжка ўявіць, але знаходзіла час Анастасія Арцёмаўна і на любімыя заняткі (ды і дочкам патрабавалася прыданае): прала, ткала посцілкі, рушнікі, палавікі, займалася вышыўкай. Колькі дазваляла здароўе, вязала - шкарпэткі ад бабулі да нядаўняга часу атрымліваў кожны імяніннік у сям´і.

А сям´ю Анастасія Арцёмаўна нажыла немалую: акрамя пяцёра дзяцей мае 11 унукаў, 17 праўнукаў, а ў дзень яе стагоддзя на свет з´явіўся прапраўнук.

У чым сакрэт даўгалецця гераіні аповеду? Магчыма, у яе любові да людзей і ўсяго жывога на зямлі. Маючы за плячыма вялікае жыццё, Анастасія Арцёмаўна, як кажуць родныя, ніколі ні з кім не пасварылася. З лагодай, ветлівасцю і пашанай ставілася да людзей, усмешкай і добрым словам умела злагодзіць любую жыццёвую сітуацыю. Немалаважным з´яўляецца, на маю думку, і клопат пра яе з боку родных. Дзеці з адказнасцю паставіліся да сітуацыі, калі матулі спатрэбіўся догляд. Адна з дочак пакінула дзеля гэтага сталіцу. На шаноўны юбілей да матулі і бабулі сабраліся вялікай сям´ёй, прыехаў і сын, які больш за 30 год пражывае ў г. Цюмень Расійскай Федэрацыі.

Зрэшты, адказны падыход Анастасіі Арцёмаўны да мацярынства адзначаны і дзяржавай - яна ўладальніца ´Медаля мацярынства´, які атрымала ў 1962 годзе. І ўсё ж найвялікшая для юбіляркі ўзнагарода і падарунак - клопат тых, каму дала жыццё.