Не стаіць на месцы малочная вытворчасць ´Саўгаса Кісялевічы´.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

У ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, як і большасці раённых сельгасарганізацый, аснову выручкі фарміруе малочны напрамак жывёлагадоўлі. Малако сёння - прадукт запатрабаваны і, галоўнае, рэнтабельны. А з улікам таго, што для якаснага гаспадарання ´Саўгасу Кісялевічы´, як кажа дырэктар Валерый Сяргейчык, выручку трэба мець большую, то і задача прадпрыемства на бліжэйшую і далёкую перспектыву - нарошчваць аб´ёмы вытворчасці.

Патэнцыял для гэтага маецца: павелічэнне ўдояў малака на карову, нарошчванне пагалоўя дойнага статка, утрыманне на высокай планцы якасці малака. Задачы гэта першаступенныя, штодзённыя і - небезвыніковыя. Па стане на сённяшні дзень тэмп росту валавой вытворчасці малака складае 113% да адпаведнага ўзроўню папярэдняга года, рэалізацыі - 117% (+680 кг). На 118 галоў з пачатку года (109%) вырасла пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у тым ліку на 9 галоў - дойны статак. Апошні налічвае 565 кароў, якія размешчаны на двух малочна-таварных фермах: пас. Юбілейны і в. Пад´ясенка, маецца 72 нецелі. З пачатку года тэмп росту вытворчасці склаў 114,5% - надаілі малака на 268 тон болей, чым за адпаведны перыяд 2022-га. Павялічылі на 614 кг (119,3%) удой на адну карову. На 1,2 кг (112%) вырасла сярэдняя прадуктыўнасць рагуль і складае 11,2 кг. Тэмп росту рэалізацыі малака з пачатку года - 119,7%, прададзена на 306 тон болей, чым у 2022 годзе. На 4,2 працэнтных пункта павялічылі аб´ём прадукцыі, рэалізаванай гатункам ´экстра´. У выніку на 230 тысяч рублёў (113,5%), нягледзячы на зніжэнне закупачнай цаны на малако, вырасла выручка ад яго рэалізацыі. Вядома ж, каб дасягнуць удою на рагулю таго ж філіяла ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´, ´Кісялевічам´ яшчэ расці і расці. Але над гэтым, па словах дырэктара, калектыў узмоцнена працуе.

- Мы добра папрацавалі, лічу, на нарыхтоўцы травянога корму. Паказчык на ўмоўную галаву жывёлы 44,8 ц к. адз. - другі па велічыні ў раёне. Створаны паўтарагадавы запас сенажу і сіласу дазваляе ўпэўнена зімаваць, балансаваць рацыёны жывёлы адпаведна з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Статак рассартаваны па перыядах лактацыі жывёлы і па ўзроставых групах, што дазваляе эканомна і эфектыўна распараджацца кормам. Станоўчую ролю адыграла значнае абнаўленне дойнага статка. У бягучым годзе ўвялі ў склад 227 нецеляў (+165 галоў адпаведна мінулага года), пазбавіліся ад малапрадуктыўных кароў. Плюс мы намераны не дапускаць зніжэння якасці малака, з пачатку года 96% ад агульнага аб´ёму рэалізавана гатункам ´экстра´,- пералічвае складнікі нарошчвання прадукцыі Валерый Аляксандравіч.

Галоўны заатэхнік Ігар Судзілоўскі, гаворачы пра аб´ёмы вытворчасці малака, заўважае, што апошнія маюць сезоннасць: з надыходам зімовых месяцаў - пары актыўнага расцёлу кароў, прыкметна павялічваюцца. Таму лічба ў 5 тон - столькі малака ў дзень гаспадарка пастаўляе на перапрацоўку гэтым часам - павінна змяніцца на большую.

Жыць адным днём у ´Саўгасе Кісялевічы ´ не намераны - шукаюць розныя шляхі для павелічэння эфектыўнасці гаспадарання. У мэтах гэтага збіраюцца цалкам адмовіцца ад выпасу дойнага статка. Зямлю, што адводзілі пад выпас, плануюць засейваць кармавымі раслінамі, збіраць па два ўраджаі.

- Ва ўмовах цяперашняга клімату гэта больш мэтазгодна, - кажа дырэктар. - Да сярэдзіны лета, як паказвае практыка мінулых год, паша амаль цалкам выгарае, спустошваецца. Засейванне культурнымі раслінамі павялічыць эфектыўнасць яе выкарыстання. Пры гэтым малочны статак будзе забяспечаны якасным сакавітым кормам з траншэі і не застанецца без выгулу - будуць наладжаны дзённыя мацыёны.

Даенне рагуль на фермах гаспадаркі ажыццяўляецца двойчы на дзень: з 6 да 9 раніцы і з 18 да 21 гадзіны вечара. У час, калі аператары машыннага даення займаюцца непасрэдным абавязкам, жывёлаводы і механізатары кормяць статак. Працэс гэты на жывёлагадоўчых аб´ектах механізаваны. Ад людзей, якія ў ім задзейнічаны, патрабуецца зрабіць якасную кормасумясь, развезці яе па кармушках і прасачыць, каб увесь без выключэння корм патрапіў на кармавы стол жывёлы.

Не стаіць на месцы малочная вытворчасць ´Саўгаса Кісялевічы´.

Таццяна Шырокая

Не стаіць на месцы малочная вытворчасць ´Саўгаса Кісялевічы´.

Іна Міронава

Ад некаторага часу ААТ ´Саўгас Кісялевічы´- у даверным кіраванні БНБК-АГРА. Галаўное прадпрыемства, па словах Валерыя Сяргейчыка, заўжды падстаўляе плячо ў вырашэнні складаных пытанняў. Аднак у калектыве добра разумеюць, што жыць з дапамогі - не пра развіццё: самім трэба зарабляць грошы і вучыцца, як гэта рабіць лепей. Многае ў гэтым плане зроблена. ´Калі даведзенае на 2019 год заданне па валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі прадпрыемства ледзьве выканала на 100%, то кожны наступны год мы яго дабаўлялі - выконвалі на 109%, на 110%, 124%, па выніках 2023-га таксама разлічваем сплюсаваць. Такім чынам за апошнія чатыры гады мы павялічылі вытворчасць на 60 працэнтаў´, - аналізуе кіраўнік. Хоць, як прызнаецца, не заўжды ўсё і атрымліваецца.

Закрануўшы праблему дэфіцыту кадраў, якая не абмінула сельгаспрадпрыемства і, на думку дырэктара, негатыўна ўплывае на дасягненне пастаўленых мэт, Валерый Сяргейчык робіць акцэнт на тым, што праца таго ж аператара машыннага даення сёння і дваццаць год таму - дзве вялікія розніцы па сіле чалавечага ўдзелу. Раней на даярцы было і даенне, і кармленне ў ручным рэжыме, і шэраг іншых спраў. Цяпер жа кола абавязкаў звужана непасрэдна да аператарскай справы - суправаджэння працэсу даення, і рэгламентавана па часе. Тое самае можна сказаць пра абавязкі жывёлавода - працэс раздачы корму на сучасных фермах механізаваны. Таму тым, хто зацікаўлены высокімі заробкамі ў галіне, але з насцярогаю ставіцца да цяжару справы, баіцца неадступнага знаходжання на ферме, дырэктар Сяргейчык раіць пераглядзець свае адносіны да прафесій. Тым болей што заробкі ў сельгасвытворчасці дазваляюць людзям дасягаць высокага дабрабыту. А патрабаванне адно - добрасумленна выконваць працоўныя абавязкі.

На галоўным фота: работнікі МТФ пас. Юбілейны, чыімі намаганнямі дасягаецца нарошчванне малочнай вытворчасці, - слесар Сяргей Міронаў, жывёлавод Ніна Бычкова, аператары машыннага даення Іна Міронава і Таццяна Шырокая, загадчык Міхаіл Сяргейчык.