Наталля ФЁДАРАВА: ´На ферме - маё жыццё´.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Нагодай для сустрэчы з Наталляй Фёдаравай, жывёлаводам СВК ´Гігант´, стала знамянальная для жанчыны падзея - узнагароджанне яе Ганаровым дыпломам Магілёўскага аблвыканкама за перамогу ў абласным працоўным спаборніцтве па выніках 2022 года ў намінацыі ´Найлепшыя работнікі, занятыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці, сярод аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм па вырошчванні буйной рагатай жывёлы старэй 6-месячнага ўзросту´.

Падзея, па словах Наталлі Валянцінаўны, для яе сапраўды шчымліва-радасная: 25 год, якія аддала працы ў сельскай гаспадарцы, - лёгкімі не назавеш. Той, хто звязаны з работай у жывёлагадоўлі, ведае: догляд скаціны - гэта не толькі пра накарміць. Трэба неадступна быць на варце здароўя жывёлы, своечасова рэагаваць на змены ў ім, сачыць за наяўнасцю якаснага подсцілу, забяспечваць чысціню памяшканняў, месцаў для выгулу жывёлы, навакольнай тэрыторыі. Нязменна, двойчы на дзень, прыходзіць да ´выхаванцаў´ - у любое надвор´е, не зважаючы на сцюжу, маразы, дажджы, невыносную спякоту. Тым болей напружаны працоўны дзень, калі за мэту ставіш - дасягнуць у прафесіі поспеху, атрымаць прывагі жывёлы не меней за тэхналагічныя.

Жыццёвая біяграфія нашай гераіні нашмат падобная да біяграфій многіх іншых працаўніц-жанчын сельскай гаспадаркі - дзе нарадзілася, там і згадзілася. Наталля Валянцінаўна - тутэйшая, прычым, не ў першым пакаленні. Выхадцамі з колішніх мясцін, а пасля і жыхарамі Бортнікаў былі яе бацькі. Сын Наталлі Валянцінаўны таксама абаснаваўся на Бабруйшчыне, працуе на адным з гарадскіх прадпрыемстваў зваршчыкам. У маладой сям´і падрастае немаўля.

- Мець унука для мяне - вялікія шчасце і радасць, - дзеліцца жанчына. - Пакуль дзіцятка зусім маленькае, сама знаходжу час наведвацца ў горад, паглядзець, як падрастае, завезці вясковых гасцінцаў.

Прысмакі для дзяцей у Наталлі Валянцінаўны заўжды знойдуцца: акрамя работы на ферме яна нястомна рупіцца па хатняй гаспадарцы (жыве ў вылучаным СВК добраўпарадкаваным доме): трымае парсюкоў, дробную жывёлу, апрацоўвае немалы агарод. І ўпэўнена - свежыя хатнія мяса, садавіна і агародніна не раўня набытым у гарадскіх крамах.

Пра работу на ферме пераможца абласнога спаборніцтва расказвае сціпла і ў той жа час з захапленнем. У жывёлагадоўлю ´Гіганта´ яна прыйшла пасля некаторага часу работы на трыкатажнай фабрыцы ў Бабруйску. Швейная справа, як кажа, аказалася не яе заняткам. У гаспадарцы была спачатку за свінавода, пазней паспрабавала сябе ў даярскай справе, і вось ужо два гады займаецца доглядам маладняку буйной рагатай жывёлы. Прыходзіць на ферму а сёмай гадзіне раніцы, абавязкова аглядае пагалоўе (у групе звыш 200 галоў) і бярэцца за кармёжку. Гэты працэс на жывёлагадоўчым аб´екце часткова механізаваны. Задача цялятніцы - прасачыць, каб сілас, сянаж, кормасумясь ці іншы складнік рацыёну жывёлы, які развозіць трактар, патрапіў на кармавы стол цялят. У ранішні прыход з гэтай задачай Наталля Валянцінаўна спраўляецца прыкладна за чатыры гадзіны, столькі ж адводзіць на вячэрняе наведванне хлява, якое доўжыцца з 14 да 17 гадзін.

´Гэта надзвычай адказны работнік. Накарміць, напаіць, прыбрацца - нагадваць ніколі не трэба, сама ў гэтым заахвочана. Прычым, працуе на найлепшы вынік - незнарок жа і ў абласным прафесійным спаборніцтве перамагла, - не без гордасці кажа пра падначаленую загадчыца жывёлагадоўчага аб´екта Таццяна Аляксандраўна Дайнека.

У размове жанчыны не абыходзяць станоўчыя перамены ў гаспадарцы. Старшыні СВК Васілю Пятровічу Жуку, як заўважаюць, ёсць справа да кожнага работніка: даяркі, цялятніцы, вартаўніка... Частымі сталі прэміі за добрасумленную работу, а гэта, як кажуць, стымул працаваць яшчэ лепей. З вялікай удзячнасцю адгукваюцца мае субяседніцы пра старшыню прафсаюзнай пярвічкі сельгаспрадпрыемства Анастасію Гацко, якая з гатоўнасцю вырашае любое пытанне, якое ў яе кампетэнцыі.

Пра сваю ж работу Наталля Валянцінаўна кажа: ´гэта маё жыццё. Калі цяляты накормлены, здаровыя, калі чарговае ў канцы месяца ўзважванне жывёлы (якраз за гэтым заняткам засталі ў панядзелак калектыў) паказала станоўчы вынік - адчуваю сапраўдную радасць і задавальненне´.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Віктара ШЭЙКІНА.