Каралева палёў парадавала і зернем, і зелянінай.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

У ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ завяршаюць уборку кукурузы. Болей за 12 000 тон сіласу і звыш 1400 тон зерня кукурузы атрымалі ў адкрытым акцыянерным таварыстве з 600 гектараў, што адводзілі сёлета пад расліну. Ураджайнасць зялёнай масы склала ў сярэднім 405 ц/га, зерня - 120 ц/га (і першы, і другі паказчык уступае ў раёне пакуль толькі СВК ´Гігант´).

- Кукурузы сеялі 500 гектараў на зялёны корм і 100 га - на зерне. Аднак з-за поўнага выспявання расліны 50 гектараў, што планавалі пад закладку на сілас, вырашылі таксама ўбраць на зерне. Ураджай сёлета атрымалі выдатны. Дзякуючы гэтаму корму ўжо маем звыш 50 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта дае нам упэўненасць у заўтрашнім дні, надзейным функцыянаванні нашай жывёлагадоўлі, - кажа дырэктар Валерый Сяргейчык.

І хоць прычынай высокай ураджайнасці кукурузы Валерый Аляксандравіч называе садзеянне надвор´я - маўляў, прырода ўраўнаважыла недабор зерня збажыны - кожны, хто знаёмы з сельскай гаспадаркай, разумее, што станоўчы вынік - гэта яшчэ і добрая арганізацыя работ, і тэхналагічнасць вырошчвання культур.

- На зерне сеялі кукурузу расійскага гатунку. Расліну атрымалі прыгожую, пад 4 метры ў вышыню. Дала нам два пачаткі, і ўраджайнасць - проста супер! І беларускі гатунак ´Палескі´ таксама не падвёў. 50 гектараў, што перавялі ў зерневую групу і заканчваем убіраць, таксама высокаўраджайныя, - дзеліцца кіраўнік.

Сабранае зерне гаспадарка адразу ж, у сырым выглядзе, адгружае на БНБК. Пры гэтым 300-350 т збіраюцца пакінуць сабе ў карыстанне: сплюшчыць і зімой разнастаіць рацыёны жывёлы.

Каралева палёў парадавала і зернем, і зелянінай.

Валерый Сяргейчык

Каралева палёў парадавала і зернем, і зелянінай.

Аліхан Кантаеў

Клопат пра жывёлагадоўлю ў акцыянерным таварыстве зразумелы: з выручанага за прадукцыю гаспадарка (уваходзіць у склад ´БНБК-

АГРА Бабруйск´) жыве і спрабуе развівацца. Тэмп росту вытворчасці малака за кастрычнік (у параўнанні да папярдняга года) склаў 123%, рэалізацыі - 130% пры таварнасці малака 90%. Сярэднесутачныя прывагі ў вазе маладняку буйной рагатай жывёлы - тэхналагічныя (770 г) і найвышэйшыя ў раёне.

Каб быць з зернем і сакавітым кормам у наступным годзе, у саўгасе пасеялі больш за 800 га азімых, у тым ліку 750 га - на зерне. Пасля заканчэння сяўбы ўзяліся за падняцце зябліва. На дзень нашага наведвання восеньскім ворывам было ахоплена 80 га ці 10% ад патрэбы.

- Пасля поўнага завяршэння ўборкі кукурузы і звозкі з палёў спрэсаванага сена, што плануем ажыццявіць да пачатку лістапада, падняцце зябліва актывізуем, задзейнічаем на гэта ўсе тэхнічныя і людскія рэсурсы, - удакладняе галоўны аграном ААТ Марына Капорына.

Хоць цякучка кадраў у ААТ ёсць, але маецца і трывалы касцяк: вадзіцеляў, механізатараў, работнікаў жывёлагадоўлі, спецыялістаў - людзей, якія бездакорна служаць галіне не адзін год.

У прыклад кіраўнік прывёў працаўнікоў, якія ў той дзень рупіліся на кукурузным полі. За штурваламі кормаўборачнай тэхнікі былі Аляксандр Рагалевіч (з улікам кукурузы намалаціў на камбайн каля 1800 т зерня) і Аліхан Кантаеў (за добрасумленную працу ўзнагароджаны юбілейным медалём на абласных ´Дажынках-2023´). На адвозцы зерня - Алег Дзікі (разам з кукурузай перавёз звыш 2000 т зерня).

´У нашым невялікім калектыве ёсць свае перадавікі, і мы імі ганарымся. А ўвогуле ў сельскай гаспадарцы, каб мець станоўчы вынік, трэба проста працаваць: на палях, на фермах, і любіць справу, якой займаешся´, - падвёў рысу дырэктар.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.