
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Выязны семінар-практыкум па тэме ´Фарміраванне дзейснага рэзерву кадраў і работа з ім. Забеспячэнне кадравай бяспекі´ прайшоў сёння ў Бабруйскім раёне. Яго ўдзельнікамі сталі начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў арганізацыйна-кадравай работы гаррайвыканкамаў, адміністрацый раёнаў Магілёва і Бабруйска, намеснікі старшыні, начальнікі структурных падраздзяленняў Бабруйскага райвыканкама, кіраўнікі кадравых службаў арганізацый Бабруйшчыны.
Адкрываючы першую частку семінара, якая прайшла ў райвыканкаме, Сяргей Іваноў, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага аблвыканкама, засяродзіў увагу на мэце форуму - павысіць узровень прафесійнай кампетэнцыі спецыялістаў па рабоце з кадрамі, абмяняцца вопытам у пытанні эфектыўнага фарміравання рэзерву кадраў і забеспячэння кадравай бяспекі.
Леанід Мартынюк, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь-інспектар па Магілёўскай вобласці, адзначыў актуальнасць тэмы, выказаў спадзяванне, што мерапрыемства дасць станоўчы штуршок - рашэнне кадравай палітыкі будзе паднята на новы ўзровень.
Старшыня Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Сухадольскі заўважыў, што падыход да вырашэння кадравага пытання ў раёне самы сур´ёзны і скіраваны на моладзь.
Удзельнікаў семінара пазнаёмілі з фарміраваннем кіруючага кадравага патэнцыялу раёна, з арганізацыяй работы па вучобе рэзерву кадраў і яго далейшым выкарыстанні. А таксама з работай з кадрамі і іх рэзервам у арганізацыях аграпрамысловага комплексу раёна, з лідарскай платформай ´Каманда будучыні´ як крыніцай фарміравання перспектыўнага кадравага рэзерву і рэзерву кіраўнікоў: мэтамі, задачамі і практыкай рэалізацыі праекту.
Увага ўдзельнікаў семінара была заакцэнтавана на ідэалагічных і каштоўнасных арыенцірах у падрыхтоўцы і навучанні рэзерву кадраў, а разам і на сучасных геапалітычных выкліках ва ўмовах інфармацыйнага супрацьстаяння. На актуальных пытаннях падбору кандыдатаў у органы дзяржаўнага кіравання.






Падчас другой часткі семінара, якая адбылася ў раённым Цэнтры культуры, прапанаваны практычныя кейсы: ´Форма або змест? Кадравае ядро рэзерву: фарміраванне, матывацыя, кіраванне´ і ´Падрыхтоўка дакументаў на ўзнагароджанне, прызначэнне на пасаду´, сумеснае вывучэнне тыповых памылак. Была наладжана дыскусійная пляцоўка ´Кадравы рэзерв: тэндэнцыі і перспектывы сучаснага кіравання´. Намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК ´Гігант´ Анастасія Гацко распавяла пра мэтанакіраваную дзейнасць з кадрамі ў сельгаспрадпрыемстве, асноўнымі падыходамі да забеспячэння кадравай бяспекі арганізацыі.
У СВК ´Гігант´ удзельнікаў семінара пазнаёмілі з работай камбікормавага завода і бульбасховішча. Старшыня Васіль Жук даў раскладку стану і перспектыў развіцця сельгаспрадпрыемства, паведаў аб стварэнні ўмоў для атрымання якаснай прадукцыі, прымяненні сучасных тэхналогій, вытворчых і працоўных традыцыях СВК, умовах працы і спосабах матывацыі работнікаў.
Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.