У ´Гіганце´ ўбіраюць азімы рапс.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Поле ў накірунку Туркоў, дзе ў панядзелак вяліся работы, - адно з двух занятых у гаспадарцы пад гэтую азімую расліну. У сувязі з тым, што вільготнасць масланасення на пачатак уборачных работ некалькі вышэйшая за тэхналагічную, убіраць палі вырашана не ад краю да краю, як гэта звычайна бывае, а выбарачна, участкамі, якія сушэй.

- Убіраем рапс першы дзень. У ідэале можна было б яшчэ колькі дзён пачакаць, але надвор´е непрадказальнае. Дажджы, якія прагназуюцца, непагадзь могуць негатыўна паўплываць на ўраджай. Такое здаралася, і гэта мала сказаць непрыемна. Каб падобную сітуацыю папярэдзіць, не рызыкаваць ураджаем і не дапусціць яго страт, вырашана выйсці ў поле і дасушваць намалочанае, - расказаў галоўны аграном СВК ´Гігант´ Уладзімір Аляксандравіч Залужны, якога засталі на месцы ўборачных работ.

Ураджайнасць азімай расліны, па папярэдняй ацэнцы спецыяліста, павінна быць нядрэннай, хоць і не максімальнай за часы яго работы. Ва ўмовах цяперашняга года, як ён адзначыў, і за гэта вялікі дзякуй. Ёсць спадзяванне і на папаўненне насеннага фонду гаспадаркі.

Убіралі рапс у ´Гіганце´ двума зернеўборачнымі камбайнамі LEXION CLAAS. У складзе экіпажаў - вопытныя механізатары. Настрой на працу ў хлебаробаў ´Гіганта´ выдатны: тэхніка да ўборкі, як заўжды, добра падрыхтавана, хлебная ніва радуе вока, абяцаючы нядрэнны намалот, а значыць - год працавалі не дарэмна.

Рапсавая (азімая) ніва ў СВК складае 27 гектараў. На ўчарашнюю раніцу, як стала вядома, было ўбрана 5 гектараў, з круга ўзялі па 29 цэнтнераў. І гэта на сённяшні дзень найвышэйшы паказчык у раёне.