Ізноў - пра неабыякавасць і ініцыятыву.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Гэтымі днямі мы пісалі, як, дзякуючы ініцыятыўнасці нераўнадушнага жыхара і падтрымцы яго добрага намеру з боку аднавяскоўцаў, на могілках у Вялікіх Бортніках з´явіліся вароты. Сёння прыводзім яшчэ адзін прыклад таго, як вялікае жаданне зрабіць месца, дзе жывеш, утульным і прывабным, памножанае на дакладны асабісты ўнёсак у гэтым накірунку, дасягаюць мэты.

Не адзін год у Осаве Гарбацэвіцкага сельсавета ладзяцца дні вёскі. Яскравыя, шматлюдныя, дзе кожны знойдзе для сябе цікавасць. На свяце ўшаноўваюцца актывісты грамадскага жыцця, гаспадары дагледжаных домаўладанняў, жыхары найбольш сталага веку, самыя маленькія і тыя, чый гарманічны працяглы шлюб - прыклад для іншых...

З´явілася і падтрымліваецца гэтая добрая традыцыя - з лёгкай рукі старасты населенага пункта, неабыякавага, ініцыятыўнага, дзейснага Віктара Саўко.

Да сёлетняга Дня вёскі ў Осаве, які адбудзецца 3 чэрвеня, ўжо таксама рыхтуюцца. Віктар Аляксандравіч з работнікамі мясцовай установы культуры добраўпарадкоўваюць месцы грамадскага карыстання: фарбуюць кветнікі, усталёўваюць і абнаўляюць імправізаваную сцэну, надаюць лоск вонкаваму выгляду СДК. Сам стараста заняты абрэзкай кустоў, праводзіць абкоску тэрыторыі і рады кожнаму, хто гатовы аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы да ўрачыстасці, на карысць агульнай мэты - зрабіць сваю вёску найлепшым месцам на зямлі.

Алена КАРПЕНКА.