
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Прафарыентацыйнае мерапрыемства, арганізаванае ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні і аддзелам па адукацыі Бабруйскага райвыканкама, накіраванае на абранне выпускнікамі прафесій сельскагаспадарчага накірунку, замацаванне моладзі на малой радзіме, прайшло сёння на базе Цялушскай сярэдняй школы.
На сустрэчу з вучнямі аграрных класаў - апошнія маюцца ў Цялушскай, Міхалёўскай і Хімоўскай школах - прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік райсельгасхарчу Аляксей Жураўлёў, начальнік арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вольга Худакова, старшыня СВК ´Гігант´ Васіль Жук, кіраўнікі адкрытых акцыянерных таварыстваў ´Міхалёўская Ніва´, ´Чырвоны харчавік-АграСэрвіс´ Ігар Ганчароў і Аляксандр Басякоў, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Вольга Караткевіч.
Чым прывабныя сельскагаспадарчыя прафесіі? Якія перавагі дае мэтавае накіраванне ў навучальныя ўстановы аграрнага накірунку, дзе і ў які тэрмін яго атрымаць? На якія бонусы могуць разлічваць маладыя спецыялісты прафесій сельскагаспадарчага профілю? Гэтыя і іншыя тэмы вопытныя аграрнікі абмеркавалі з будучымі навучэнцамі і студэнтамі - патэнцыйнымі работнікамі галіны. А разам і расказалі, як кожны прыйшоў у прафесію, дасягнуў кар´ернага росту, наколькі высокатэхналагічная сучасная сельгасвытворчасць, якога прафесіяналізму патрабуе і чаму, каб быць у ладзе і гармоніі з сабой, немалаважна жыць і працаваць на малой радзіме.




Не абыйшлі ў размове і тэму заробку ў аграрнай галіне. Па словах Аляксея Жураўлёва, яна ў раённых сельгасарганізацыях годная, пастаянна павялічваецца і далёка не кожны гараджанін можа разлічваць на такую. Праўда, заўважыў і тое, што заробак трэба зарабіць - працаваць на сумленне, з душой, адчуваць еднасць з калектывам і адказнасць за агульны вынік.
Абмеркаванне атрымалася ўсебаковым. І гэта не першае, прысвечанае тэме выбару будучай прафесіі мерапрыемства ў раёне. Цяпер - выбар за маладымі.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.