
иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Наведвальнікамі раённай камісіі па каардынацыі дзейнасці па садзеянні працаўладкаванню насельніцтва, якая прайшла ў Бабруйскім раённым аддзеле ўнутраных спраў, сталі грамадзяне, якія або толькі вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, або працяглы час пасля гэтага афіцыйна не працаўладкаваны. Сярод апошніх некаторыя вядуць асацыяльны лад жыцця, іншых задавальняюць выпадковыя заробкі ў аднавяскоўцаў, былі і тыя, хто адсутнасць працы патлумачыў фізічнай нямогласцю, хоць да доктара так і не дайшоў.
Кожнаму з наведвальнікаў члены камісіі ў складзе намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкама Марыны Тарэлкінай, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталлі Пясоцкай, старшыні камісіі Юліі Гук, а таксама прадстаўнікоў ад наймальнікаў: ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ і ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, давялі дзяржаўную палітыку ў адносінах людзей, якія ўхіляюцца ад напаўнення бюджэту краіны, прапанавалі каму вакансіі, а каму магчымасць перавучыцца - набыць новую спецыяльнасць пад гарантыю працаўладкавання. Апошнім, да прыкладу, выказаў жаданне скарыстацца жыхар пас. Глуша. Прайшоўшы трохнядзельнае навучанне на дарожнага рабочага, 32-гадовы малады чалавек зможа мець стабільны заробак.
Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Ганна Шадзейкіна правяла з наведвальнікамі прафілактычную размову, нагадала пра незлоўжыванне спіртнымі напоямі, нашэнне ў цёмны час сутак флікераў, пра неабходнасць пераходзіць вуліцу ў дазволеных месцах і інш.