
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Нарада па жывёлагадоўлі з удзелам генеральнага дырэктара ЗАТ ´БНБК´ Данііла Урыцкага, дырэктара ТАА ´БНБК-АГРА´ Надзеі Каткавец і старшыні Бабруйскага райвыканкама Аляксандра Сухадольскага прайшла сёння на базе ААТ ´Неўскі-Агра´ - гаспадарка, як і шэраг іншых раённых сельгасарганізацый, ад некаторага часу знаходзіцца ў даверным кіраванні БНБК.
Сярод асноўных пытанняў, якія абмеркавалі - новы падыход да вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. У прыватнасці, было вырашана арганізаваць асобнае вырошчванне бычкоў і цялушак, што з аднаго боку - дасць магчымасць ўсебакова засяродзіцца на вытворчасці мяса, з другога - стварыць больш камфортныя ўмовы для дойнага і рамонтнага статка, што ў абодвух выпадках павінна прывесці да зніжэння сабекошту прадукцыі малака і мяса, павелічэння іх рэнтабельнасці, а значыць - паляпшэння фінансавага становішча сельгасарганізацый. Сканцэнтраваць бычкоў раённых гаспадарак, якія ўваходзяць у БНБК, вырашана на комплексе па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ ´Неўскі-Агра´, дзе сёння пабывалі ўдзельнікі нарады. Умовы для гэтага, як было адзначана, на комплексе маюцца, тым болей што да хлявоў, дзе ўжо ўтрымліваецца жывёла, хутка плануецца далучыць адрэканструяваныя.
- Галоўнае, што павінна безагаворачна выконвацца для дасягнення пастаўленых мэт - строгае выкананне тэхналогій на ўсім вытворчым ланцугу, - адзначыў Данііл Урыцкі.
Там жа былі абмеркаваны пытанні веснавой сяўбы і найперш - кукурузы: тэрміны яе высейвання, падрыхтаванасць глебы да гэтага, забяспечанасць сельгасарганізацый мінеральнымі ўгнаеннямі, тэхнікай, працоўнымі кадрамі і інш.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.